У Беларусі скончыліся сумесныя з Расеяй лётна-тактычныя вучэньні
Сустрэча расейскіх пілётаў на беларускім лётнішчы. Расейскія вайскоўцы схавалі свае твары
Пра заканчэньне вучэньняў паведаміла 2 лютага прэс-служба Мінабароны Беларусі.
«Прадэманстраваная высокая зладжанасьць у працы штабоў, а таксама ўпэўненыя сумесныя дзеяньні беларускіх і расейскіх лётчыкаў. Авіяцыйным кампанэнтам рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) выкананы шырокі спэктар практычных задач», — паведамілі ў беларускім Міністэрстве абароны.
У ведамстве падкрэсьлілі, што манэўры «былі накіраваныя на гарантаваньне бясьпекі саюзнай дзяржавы і насіла выключна абарончы характар».
Вучэньні стартавалі 16 студзеня. Ад расейскага боку ўдзельнічала вайсковае фармаваньне Паветрана-касьмічных сіл.
Раней у Міністэрстве абароны падкрэсьлівалі, што галоўная мэта вучэньняў — павышэньне апэратыўнай сумяшчальнасьці пры сумесным выкананьні вучэбна-баявых задач. Яго ўдзельнікі вучыліся паветранай выведцы, сумеснаму патруляваньню, авіяпадтрымцы наземных войскаў, высадцы дэсанту, дастаўцы грузаў і эвакуацыі параненых.
31 студзеня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што суседнія зь Беларусьсю краіны NATO робяць выведвальныя палёты на межах. Ён асабіста назіраў за адным зь дзён вучэньняў на Ружанскім палігоне.
31 студзеня ў Беларусі пачалася тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў», якая фармуецца з кастрычніка мінулага году, але дакладную колькасьць якой улады не агучвалі.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае.
Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.