Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch патрабуе ад Украіны правесьці расьсьледаваньне аб імаверным выкарыстаньні ўкраінскім войскам забароненых касэтных супрацьпяхотных мін і адмовіцца ад іх выкарыстаньня.
«Ёсьць падставы меркаваць, што ўкраінскія вайскоўцы раскідалі супрацьпяхотныя міны на вялікай тэрыторыі ў раёне горада Ізюм, што прывяло да ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і дагэтуль мае сур’ёзную пагрозу. Расейскія войскі ва Ўкраіне неаднаразова выкарыстоўвалі супрацьпяхотныя міны і ўчынялі зьверствы, але гэта не апраўдвае выкарыстаньне Ўкраінай забароненай зброі», — заявіў Стыў Гус, які ачольвае ў Human Rights Watch аддзел па відах узбраеньня.
У справаздачы, апублікаванай Human Rights Watch, адзначаецца, што супрацоўнікі арганізацыі задакумэнтавалі шэраг выпадкаў, калі ў акупаваных Расеяй раёнах побач з вайсковымі аб’ектамі пры дапамозе рэактыўнай артылерыі выкарыстоўваліся супрацьпяхотныя міны, вядомыя як «міны-матылькі». Праваабаронцы нагадалі, што Ўкраіна далучылася да канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мін.
У розных раёнах Ізюму і яго навакольлі праваабаронцы Human Rights Watch задакумэнтавалі дзевяць месцаў, дзе выкарыстоўваліся супрацьпяхотныя міны, і ідэнтыфікавалі асобы 11 пацярпелых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Згвалцілі, прымушалі піць гарэлку за перамогу Расеі. Суд вынес вырак у справе пра злачынствы расейскіх салдатаў на ЧарнігаўшчынеКіеў: чакаем ад Human Rights Watch ціску на Расею для спыненьня вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны апэратыўна адрэагавала на публікацыю справаздачы Human Rights Watch. Ведамства запэўніла, што Ўкраіны выконвае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязаньні «на тле ваенных злачынстваў расейскіх акупантаў супраць чалавечнасьці і генацыду ўкраінскага народу, але абавязкова належным прааналізуюць справаздачу міжнароднай праваабарончай арганізацыі.
«Падзеі апошняга году сьведчаць, што цяпер як ніколі важнай зьяўляецца ўнівэрсалізацыя шматбаковых мэханізмаў у сфэры раззбраеньня і кантролю над узбраеньнем. Чакаем, што HRW разам зь яе міжнароднымі партнэрамі з няўрадавых арганізацый і ўсёй сусьветнай супольнасьцю актывізуе намаганьні на гэтым кірунку, у тым ліку ажыцьцяўляючы ціск на Расею з мэтай тэрміновага спыненьня злачыннай вайны супраць Украіны з выкарыстаньнем негуманнай зброі і вяртаньня Расеі ў міжнароднае прававое поле», — адзначаецца ў камэнтары МЗС Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Застрэліў, расьсек цела, падпаліў. Ва Ўкраіне раскрылі яшчэ адно забойства, учыненае расейскім салдатамУ замежнапалітычным ведамстве Ўкраіны паведамілі, што, згодна з Атаўскай канвэнцыяй, Украіны зьнішчыла ўжо 3 мільёны супрацьпяхотных мін, у тым ліку запасы надзвычайна небясьпечных мін ПОМ-3.
«Расея ж пры нападзе на Ўкраіну выкарыстоўвала і выкарыстоўвае ўвесь спэктар забароненых мін, у тым ліку асабліва небясьпечныя для цывільных міны ПОМ-2 «Мэдальён».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Калі пачалася вайна, ён мяне ўвесь час суцяшаў». Размова з маці загінулага добраахвотніка Эдуарда ЛобаваВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.