Жыхарка Менску арганізавала ў Беластоку прытулак для тых, хто ўцёк ад рэпрэсій і вайны

Беласток, Польшча. Ілюстрацыйнае фота

За 60 км ад беларуска-польскай мяжы ў беларусаў зьявілася месца, дзе можна спыніцца, калі няма куды пайсьці.

Алена Жаркевіч арганізавала беларускі дом у Кіеве, а пасьля пачатку вайны — у Беластоку. У 20 пакоях жывуць беларусы, якіх на радзіме перасьледавалі ўлады, і ўкраінцы, што зьбеглі ад вайны. Гісторыю стварэньня прытулку апісала выданьне «Медыязона».

Алена Жаркевіч выехала зь Беларусі ў 2021 годзе ва Ўкраіну праз абвінавачваньні ў перакрыцьці дарог, арганізацыі акцый пратэсту і гвалце над сілавікамі. Зь Беларусі актывістка выяжджала з 13-гадовым сынам Назарам праз Расею, мяжу пераехала нелегальна. Першы час у Кіеве сям’і давялося начаваць у гостэле, на вакзале і нават на пляжы. Алена спрабавала знайсьці працу.

Пасьля перажытага яна падумала, што варта арганізаваць месца, куды маглі б прыехаць беларусы ў крытычнай сытуацыі, «каб не бадзяцца». Алена вырашыла наняць дом, з грашыма першы час дапамагаў сябар. Пазьней на выдаткі па доме скідаліся яго жыхары — хто мог.

«У кіеўскім доме людзі не заставаліся надоўга. Прыходзілі ў сябе пасьля выезду, атрымлівалі візу і ехалі далей у Эўропу ці знаходзілі жыльлё ва Ўкраіне. Надоўга заставаліся толькі тыя, у каго былі праблемы з дакумэнтамі. У нас жа былі нават тыя, у каго не было пашпартоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ў атачэньні барбараў». Алексіевіч пра нязломнасьць Бяляцкага і «не страляць» як гераізм беларускага вайскоўца

Пасьля пачатку вайны Алена дапамагала жыхарам беларускага дома выехаць з Украіны. Разам зь імі яна адправіла свайго сына, а сама яшчэ на два месяцы засталася ва Ўкраіне: дапамагала беларусам і ўкраінцам з эвакуацыяй, вазіла ваду на памежныя пераходы.

Праз пэўны час Алена і сама пераехала ў Польшчу. Там даведалася, што ў некаторых беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі, ёсьць праблемы, у тым ліку і з жыльлём. Сярод іх былі і тыя, хто ўжо жыў у Алены ў Кіеве. Алена вырашыла зноў пашукаць дом — такі, як кіеўскі. Прыдатны знайшоўся ў Беластоку: так было таньней і бліжэй да Беларусі, адкуль уцякаюць людзі.

У дамове, якую Жаркевіч заключыла з уласьнікамі дома, пазначана, што жыць у ім могуць да 25 чалавек. Беларуска растлумачыла палякам, для чаго ён будзе выкарыстоўвацца. Уласьнікі падтрымалі ідэю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самаідэнтыфікацыя захаваецца, калі беларус будзе дапамагаць беларусу»: пра што гаварылі на «Менскім форуме» ў Вільні

Наняўшы дом, Жаркевіч пайшла да мясцовых уладаў, дзе расказала, што хоча дапамагаць беларусам, якія ўцякаюць ад рэжыму, і ўкраінцам. Там падтрымалі. Некаторыя беларусы нават атрымалі часовую рэгістрацыю ў гэтым доме.

Цяпер у доме жыве 19 чалавек, 9 зь іх — дзеці. За час працы дома ў Польшчы ў ім пасьпелі пажыць 29 сем’яў.

«Мы прымем столькі, колькі трэба будзе. Так, будзе цесна, але тыя, хто праз Акрэсьціна прайшоў, разумеюць, што ў крытычнай сытуацыі спаць можна і не ў такіх умовах. Надзіманы матрац будзе проста шчасьцем», — кажа гаспадыня прытулку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы імкнёмся будаваць масты паміж Беларусьсю і Ўкраінай». Free Belarus Center эвакуаваў з Украіны ўжо некалькі тысяч чалавек

Беларускі дом у Беластоку абыходзіцца ў 5000 злотых у месяц. З аплатай дапамагаюць жыхары і тыя, хто жыў у беларускім доме ў Кіеве, а цяпер уладкаваў сваё жыцьцё. Алена кажа, што дапамагчы, калі будзе трэба, гатовыя байцы з палку Каліноўскага. Адзін час там жылі сваякі некаторых байцоў, і з тых часоў добраахвотнікі трымаюць сувязь і прапануюць дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралельна пачалі існаваць дзьве Беларусі. Меркаваньне Валера Карбалевіча

Калі ва Ўкраіне пастаяльцы не затрымліваліся надоўга, то цяпер сытуацыя зьмянілася — людзям трэба чакаць рашэньня па легалізацыі ў Польшчы, а гэта займае больш часу. У доме жывуць як беларусы, так і ўкраінцы.

«Важна, каб пра гэта ведалі, каб пра гэта казалі ва Ўкраіне. Каб ведалі, што беларусы і ўкраінцы жывуць разам. Што беларусы таксама бываюць пад абстрэламі ва Ўкраіне, пра 700 затрыманых 27 лютага каб ведалі», — кажа Алена Жаркевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як легалізавацца беларусу ў Польшчы? Гісторыі пасьпяховыя і ня вельмі