Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як легалізавацца беларусу ў Польшчы? Гісторыі пасьпяховыя і ня вельмі


Упраўленьне па справах іншаземцаў
Упраўленьне па справах іншаземцаў

Расказваем пра рэальныя гісторыі — з усімі плюсамі і мінусамі, падводнымі камянямі і «пернікамі». Чаму не заўсёды дапаможа праўнік і якія праблемы могуць узьнікнуць безь беларускага пашпарта.

Калі беларусы пацярпелі ад перасьледу ў Беларусі, былі затрыманыя, асуджаныя, маюць дакумэнты, што пацьвярджаюць гэта, яны могуць разьлічваць на міжнародную абарону. Працэдура ня вельмі хуткая, цягнецца да 6 месяцаў, у асобных выпадках тэрмін разгляду дакумэнтаў могуць працягнуць да 15 месяцаў.

Андрэй (імя зьменена) прыехаў у Польшчу на пачатку лютага 2022 году. На яго ў Беларусі была заведзеная крымінальная справа паводле «народнага артыкула» 342.

Ён прызнаецца, што доўга ня мог вызначыцца, што рабіць далей: застацца ў Польшчы ці ехаць ва Ўкраіну, дзе значна прасьцей і з мовай, і зь легалізацыяй. Да таго ж у Кіеве і Львове ў хлопца было шмат сяброў, якія запрашалі да сябе і абяцалі напачатку дапамагчы з жытлом. Але 24 лютага пачалася вайна, і варыянт з Украінай адпаў. Думаў паехаць у Літву, доўга вагаўся. І ўсё ж вырашыў застацца ў Польшчы.

«Пры канцы сакавіка прыйшоў у адміністрацыю па справах замежнікаў. Давялося правесьці там цэлы дзень, доўга чакаць прыёму. Я б не сказаў, што мяне прыязна і гасьцінна прынялі. Спачатку трэба было паказаць дакумэнты „стражу гранічнаму“ і патлумачыць, як я апынуўся на тэрыторыі Польшчы. Потым 5 гадзін чакаў, пакуль мяне выкліча інспэктар. Шмат пытаньняў задавалі, пыталіся пра дэталі, запаўнялі анкету. Адкаталі пальчыкі, сфатаграфавалі. Далі аркуш з 37 пытаньнямі, на якія трэба было адказаць пісьмова, дадаць дакумэнты, якія ёсьць, і папрасілі адправіць дадатак па пошце», — узгадвае ён.

Зь нязручнасьцяў — на час разгляду дакумэнтаў забіраюць беларускі пашпарт. Забаронена выяжджаць за межы Польшчы. Ёсьць і «пернікі». Калі чалавек адмаўляецца жыць у лягеры для ўцекачоў, што ў прыгарадзе Варшавы, каля мястэчка Падкова Лесна — Дэмбак, то на час, пакуль дакумэнты разглядаюцца, плацяць дапамогу ў памеры 750 злотых у месяц (каля 150 даляраў).

Праз пару тыдняў Андрэю па пошце прыйшоў адказ, што дакумэнты да разгляду прынятыя, кажа малады чалавек.

«Празь месяц мяне выклікалі ў адміністрацыю па справах іншаземцаў, маўляў, мае дакумэнты іх не пераканалі. Была яшчэ адна гутарка.

Потым пачаліся праблемы з найманьнем кватэры і банкам. Некаторы час я бадзяўся па сябрах, але трэба было штосьці вырашаць з жытлом. Беларускі пашпарт у мяне забралі, арандадаўцы не зьвярталі ўвагі на маё пасьведчаньне „цудзоземца“.

GetinBank, у якім адкрылі мне рахунак, даслаў паведамленьне, што калі да жніўня я не прадстаўлю карту побыту, у мяне заблякуюць рахунак. Даведаўся, што без праблем беларусам адкрывае рахункі PKO Bank Polski, аднак зноў жа патрэбны быў пашпарт», — расказвае Андрэй.

Ва ўжондзе (адміністрацыі) хлопцу прапанавалі зрабіць копію пашпарта, але банк яе не прыняў. Час ішоў, прайшло тры месяцы чаканьня, і ён сутыкнуўся яшчэ з адной праблемай.

Часовае пасьведчаньне
Часовае пасьведчаньне

«Тымчасовэ засьвядчэне» мне выдалі на тэрмін 3 месяцы. Тэрмін скончыўся, і на пошце па гэтым дакумэнце мне ня выдалі заказны ліст. Маўляў, «докумэнт неважны». Я зьвярнуўся ў адміністрацыю, там чарга з такіх жа няшчасных, як я — але дакумэнты не працягваюць. Маўляў, ковід ніхто не адмяняў, тэрмін дзеяньня працягваецца аўтаматычна.

Цягам месяца я «змагаўся» з адміністрацыяй па справах іншаземцаў, банкам, поштай. Безвынікова. Грошы атрымаць ня мог, карэспандэнцыю не выдавалі. Пры канцы жніўня заблякавалі рахунак у GetinBank. У мяне быў шок«, — дзеліцца сваімі праблемамі хлопец.

Выпадкова, калі ён прыйшоў з чарговай скаргай, даведаўся, што ёсьць ужо «дэцызія» — рашэньне, што яму далі міжнародную абарону, было прынята 2 тыдні таму. Аднак самому Андрэю пра гэта не паведамілі. Яшчэ месяц ён чакаў карту побыту.

«Цяпер, кажуць, робяць усё крыху хутчэй, чарга ахвотных істотна скарацілася. Ня трэба ехаць у лягер уцекачоў у прыгарад. Але ў маім выпадку я чакаў роўна 6 месяцаў», — кажа ён.

Сталай працы пакуль не знайшоў, спрабаваў падпрацоўваць на складзе «Амазону», у краме «Бядронка» без афіцыйнага працаўладкаваньня.

Карта побыту: не заўсёды дапаможа і юрыст

Ганна зьехала ў Польшчу вучыцца ў Акадэмію фатаграфіі. Яе бацька ў Беларусі меў свой бізнэс, да якога хацеў далучыць і дачку. Правучылася год у Варшаве, летам 2020 году засталася яшчэ падзарабіць. Потым трэба было вяртацца ў Беларусь і рабіць новую візу. На радзіме яна прабыла зь верасьня 2020 па студзень 2021 году.

Кажа, што хадзіла на пратэсты. Візу зрабіла. Зімой вярнулася ў Польшчу. Тая працоўная віза катэгорыі D дзейнічае дагэтуль, бо яна нібыта аўтаматычна працягнутая праз пандэмію. Аднак Ганна разумела, што пандэмія скончыцца, і трэба нейкім чынам легалізавацца ў Польшчы.

«Па гэтай візе я знайшла працу ў расейскай парфумэрна-касмэтычнай кампаніі „Фабэрлік“. Працавала там цягам году. Аднак пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай былі ўведзеныя санкцыі, прадстаўніцтва расейскай кампаніі ў Польшчы закрылася.

15 сакавіка я падала дакумэнты на дазвол на жыхарства, а ў чэрвені прыйшла дэцызія (рашэньне), што мне адмоўлена ў сталым побыце, бо рахункі кампаніі заблякаваныя», — кажа дзяўчына.

На гэты час Ганна працавала ўжо ў іншым месцы — у польскай пякарні, у якую ўладкавалася праз агенцыю. Але дакумэнтаў для легалізацыі на новай працы ёй не далі. Маўляў, пасьля таго як яна адпрацуе ў пякарні 18 месяцаў, яна зможа атрымаць дакумэнт з працы для атрыманьня дазволу на жыхарства.

Да таго ж на пачатку 2022 году ў Беларусі затрымалі лепшую сяброўку Ганны за пратэсты 2020-га. У сяброўкі ўзламалі інстаграм, дзе было шмат агульных фота з Ганнай. Дзяўчына зразумела, што вяртацца ў Беларусь ёй небясьпечна.

Яна перайшла на іншую працу. Для спрашчэньня вырашыла скарыстацца паслугамі юрыста. Сяброўка, якая пасьпяхова і хутка легалізавалася, параіла жанчыну — украінку, у якой ёсьць свая фірма «Надзея мігранта».

«Праўніца дала сьпіс дакумэнтаў, якія неабходна сабраць. Па некаторых дакумэнтах былі пытаньні, я ёй пішу, тэлефаную — праўніца мяне проста ігнаруе. А 1200 злотых я заплаціла. Плюс 440 злотых за падачу дакумэнтаў.

У выніку я ўсе дакумэнты сабрала сама. Падалася. Мне зноў прыйшла адмоўная дэцызія. Я прыходжу да праўніцы, папрасіла вярнуць хаця б палову грошай. Праўніца адмовілася, кажа, што яна схадзіла са мной у адміністрацыю, а за вынік яна не адказвае. Я ў яе сядзела больш за гадзіну і прасіла пашукаць варыянты, што рабіць далей».

Ганна падала заяву на апэляцыю. Ёй давялося ўладкоўвацца на іншую працу. Зноў сабрала дакумэнты, накіравала праўніцы. Юрыстка кажа, што ў дакумэнтах ёсьць нейкія недакладнасьці, папрасіла знайсьці нумар тэлефону аддзелу кадраў і паабяцала ўсё вырашыць.

«А потым праўніца зноў пачала мяне ігнараваць. Адзін раз адказала на званок, сказала, што я павінна яшчэ схадзіць да натарыюса. Што будзе далей, я ня ведаю.

Варыянт з гуманітарнымі візамі мне не падыходзіць. Калі была працоўная віза, як у мяне, нельга падавацца на гуманітарную. Я пісала ў Беларускі дом, ці могуць яны дапамагчы. Мне параілі знайсьці іншую працу.

Мая праўніца, дарэчы, мае фірму «Надзея мігрантаў». Я пажартавала, што гэта «Страчаная надзея», а не «Надзея мігрантаў», — расчаравана кажа Ганна.

Аднак цяпер дзяўчына ўжо вывучыла ўсе тонкасьці і акалічнасьці падачы дакумэнтаў для атрыманьня дазволу на жыхарства. Трэба зрабіць копію пашпарта, напісаць заяву, прадставіць працоўны кантракт ад працадаўцы, дзе павінна быць пазначана пасада, заробак, працоўныя абавязкі. Калі адбываюцца нейкія зьмены — мяняецца праца, адрас, абавязкова трэба паведамляць у адміністрацыю, бо ўсе дадзеныя правяраюцца. Ёй застаецца чакаць чарговага разгляду дакумэнтаў.

«Карта паляка» і ПМЖ па польскіх каранях: трэба добра ведаць мову, гісторыю, культуру

Ёсьць магчымасьць легалізацыі ў Польшчы, калі беларус мае польскія карані, пацьверджаныя дакумэнтамі. Можна атрымаць спачатку «карту паляка», а потым, маючы яе, падаць дакумэнты на сталы побыт. Пра гэта расказвае Алеся, якая прыехала ў Польшчу па гуманітарнай візе летам 2021 году.

У Беларусі дзяўчына працавала ў дзяржаўнай установе, летам і ўвосень 2020 году актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, а падчас свайго адпачынку хадзіла ў суды і «маніторыла» палітычныя працэсы. На працы начальства даведалася, пачаліся непрыемнасьці. Дзяўчына атрымала гуманітарную візу і зьехала. Але перад выездам з краіны пасьпела зрабіць некаторыя дакумэнты для атрыманьня «карты паляка».

«Я ведала, што патрэбны дакумэнт, што хтосьці з блізкіх сваякоў — мама, бацька, бабуля ці дзядуля — запісаныя палякамі. Калі глыбей (прабабка, прадзед) — неабходна знайсьці двух сваякоў. Мая бабуля па матчынай лініі была запісана полькай. Давялося праз ЗАГС мяняць нацыянальнасьць маці, а потым і маю. Бо я не хацела выяжджаць з арыгіналамі чужых дакумэнтаў у іншую краіну. А неабходныя менавіта арыгіналы.

Калі няма дакумэнтаў з ЗАГСу, людзі бяруць даведкі з архіваў, касьцельных кніг архіваў. Але ўсе гэтыя дакумэнты маюць ацэначны характар. Трэба пераканаць польскі бок, што чалавек мае намер застацца ў Польшчы, інтэгравацца ў польскае грамадзтва», — расказвае пра свой шлях Алеся.

Калі Алеся прыехала ў Польшчу, падаваць дакумэнты на «карту паляка» можна было толькі ў Беластоку і Бялай Падлясцы. Цяпер дакумэнты прымаюць у кожным ваяводзтве, удакладніла яна. Яна таксама вучыла польскую мову.

«Трэба пацьвердзіць узровень польскай мовы — умець камунікаваць, ведаць гісторыю, культуру, геаграфію, славутасьцяў Польшчы, сьвяты. Неабходна ўмець расказаць пра свае карані — абгрунтаваць, чаму беларус хоча інтэгравацца ў польскае грамадзтва. У сьнежні я прайшла гутарку ў Беластоку і праз пару месяцаў атрымала „карту паляка“», — кажа Алеся.

А з «картай паляка» ўжо можна падаваць дакумэнты на сталы побыт. Ня трэба праходзіць гутарку, трэба проста сабраць дакумэнты аб працы альбо вучобе. Летам 2022 году Алеся атрымала дазвол на сталае жыхарства. Цяпер яе мэта — атрымаць польскае грамадзянства.

Для гэтага неабходна пасьпяхова здаць іспыт па польскай мове — пацьвердзіць веданьне мовы як мінімум на ўзровень В1.

«Днямі я езьдзіла ў Варшаву здаваць экзамэн, бо ў маім горадзе вельмі складана на яго трапіць. У сталічным каледжы сабралі каля 200 чалавек. Экзамэн быў даволі складаны — зь пяці частак: і пісьмовы, і на разуменьне тэксту, была размова, прасілі апісаць карціну, шмат усяго. Трэба набраць па кожным складніку як мінімум 50%.

Я займалася з рэпэтытарам, працую ў польскім калектыве. На камунікатыўным узроўні, мне падаецца, я больш-менш валодаю мовай. На экзамэне крыху разгубілася, здаецца, у адной частцы я ня вельмі добра раскрыла тэму. Вынік будзе вядомы толькі праз тры месяцы. Будзем чакаць», — кажа Алеся.

Гуманітарны побыт і гуманітарная віза: досьведу пакуль мала, але ёсьць першыя, хто атрымаў

До канца 2022 году беларус, які меў гуманітарную польскую візу, можна падаць дакумэнты на гуманітарны побыт. А таксама можна атрымаць новую гуманітарную візу тэрмінам на 1 год. Падаваць дакумэнты можна ў кожным ваяводзтве, тлумачыць юрыстка Марыя.

«Дакумэнты на гуманітарны побыт могуць падаваць беларусы, у якіх раней была гуманітарная польская віза, альбо якія прыехалі з Украіны пасьля 24 лютага — пры ўмове, што ў іх была легалізацыя ва Ўкраіне.

Дадатковых дакумэнтаў не патрабуюць: ні дамовы найманьня жытла, ні дамовы найманьня на працу. Неабходная толькі заява, копія пашпарта, а ў некаторых ваяводзтвах — страхоўка.

Гэтая працэдура прасьцейшая, да прыкладу, за міжнародную абарону (тут не патрэбныя дакумэнты пра затрыманьні ў Беларусі, перасьлед на радзіме). Абяцаюць разглядаць заявы ў тэрмін да 3 месяцаў.

Гуманітарны побыт даюць на 3 гады. Гуманітарная віза даецца тэрмінам да 1 году — на час дзеяньня страхоўкі. Хачу зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць: па гуманітарнай візе ў Польшчы нельга адкрыць ІП.

Але трэба думаць, што рабіць далей. Да прыкладу, як атрымаць часовы дазвол на жыхарства на падставе вучобы, працы», — раіць юрыстка Марыя, якая аказвае дапамогу беларусам.

Прымаць дакумэнты на гуманітарны побыт у Польшчы пачалі ў ліпені 2022 году. Але ўжо ёсьць першыя, хто такі дакумэнт атрымаў.

«Гэта заняло крыху больш за 2 месяцы. Паколькі ніякіх дакумэнтаў у справе няма, разглядаць няма чаго, то даволі хутка я атрымала рашэньне — маю гуманітарны побыт на 3 гады», — расказвае беларуска з Познані.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG