Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы імкнёмся будаваць масты паміж Беларусьсю і Ўкраінай». Free Belarus Center эвакуаваў з Украіны ўжо некалькі тысяч чалавек


Паліна Бродзік
Паліна Бродзік

Грамадзкая ініцыятыва Free Belarus Center раней дапамагала беларусам, што апынуліся ва Ўкраіне. Пасьля пачатку вайны супрацоўнікі цалкам пераключылася на дапамогу ўцекачам з Украіны, незалежна ад нацыянальнасьцяў.

З Украіны ў Польшчу накіравалася ўжо больш за 50 эвакуацыйных аўтобусаў. Назад ва Ўкраіну яны вязуць гуманітарную дапамогу.

Эвакуавалі з Украіны ў Польшчу больш за 3,5 тысячы чалавек

Каардынатарка Free Belarus Center Паліна Бродзік кажа, што цяжка дакладна палічыць, колькі людзей яны эвакуавалі.

«Мяркую, ня менш за 3,5 тысячы чалавек выехала нашымі эвакуацыйнымі аўтобусамі. Спачатку гэта былі Кіеў, Львоў. Сёньня людзі едуць з усходу — з Дніпра, Краматорску, Запарожжа. Гэта і беларусы, і ўкраінцы, і нігерыйцы — мы бяром усіх. На нашых аўтобусах могуць перамяшчацца і ўкраінскія мужчыны. Таксама едуць людзі з хатнімі жывёламі.

А ў зваротным кірунку мы вязём гуманітарную дапамогу. Літаральна сёньня адпраўляем ва Ўкраіну некалькі партый аптэчак і турнікетаў, а таксама дапамогу жанчынам, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту», — кажа Паліна.

Паліна Бродзік
Паліна Бродзік

Free Belarus Center адчыніў офіс у Варшаве. Аднак кіеўскі офіс застаецца на месцы, львоўская каманда таксама. На наступным тыдні Free Belarus Center плянуе адкрыць каворкінг на базе варшаўскага офісу, куды змогуць прыходзіць актывісты зь Беларусі і Ўкраіны, людзі, якім патрэбна пляцоўка для працы. Натуральна, гэта бескаштоўна, — падкрэсьлівае Паліна.

«Мы — арганізацыя, якая заўсёды імкнецца будаваць масты паміж нашымі краінамі і людзьмі. Мы ня будзем працаваць выключна для беларусаў. У бліжэйшы час шматлікія нашы праграмы будуць накіраваныя на тое, каб збліжаць далей беларусаў і ўкраінцаў.

Былі ўжо выпадкі дыскрымінацыі беларусаў з боку ўкраінцаў і палякаў — на падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя расейскія войскі. І гэта таксама адна з нашых мэтаў — барацьба і супрацьстаяньне гэтай дыскрымінацыі праз пэўныя дзеяньні і паказ таго, што мы насамрэч працуем разам плячо ў плячо. Мы хочам, каб тыя магчымасьці, якія мы даем беларусам, былі б даступныя і для ўкраінцаў таксама», — тлумачыць каардынатарка Free Belarus Center.

«Зь міграцыйнымі службамі часам няпроста працаваць»

Арганізацыя мае ўжо даволі вялікі досьвед працы з уцекачамі — яна была створана ў верасьні 2020 году, калі ва Ўкраіну зь Беларусі масава сталі прыяжджаць людзі, якія пацярпелі ад рэпрэсій ці апынуліся ў небясьпецы.

Спачатку Free Belarus Center даваў юрыдычныя кансультацыі, аказваў псыхалягічную дапамогу, потым дапамагаў з жытлом, вопраткай, ежай, мэдабслугоўваньнем.

«Мы імкнуліся да таго, каб выбудаваць такую ступеневую сыстэму дапамогі, калі чалавек спачатку атрымлівае базавую дапамогу, потым ён можа падацца на праграму стажыроўкі, потым мы можам перанакіраваць да нейкіх партнэрскіх арганізацый», — тлумачыць Паліна прынцыпы працы Цэнтру.

Канфэрэнцыям Free Belarus Center у Чарнігаўскім доме правоў чалавека, які падчас вайны быў разбураны
Канфэрэнцыям Free Belarus Center у Чарнігаўскім доме правоў чалавека, які падчас вайны быў разбураны

Асноўная праблема, зь якой сутыкаюцца ўцекачы, — гэта легалізацыя. Кожная краіна мае асаблівасьці ў міграцыйным заканадаўстве. Неабходна было весьці камунікацыю зь дзяржаўнымі органамі ва Ўкраіне, таму Free Belarus Center асобна заняўся адвакацыяй.

«Вось менавіта працяг тэрміну знаходжаньня беларусаў ва Ўкраіне з 90 да 180 дзён, пра які было абвешчана ў канцы 2020 году, — гэта і наша дасягненьне (разам з 10 украінскімі праваабарончымі арганізацыямі). Хоць, вядома, мы хацелі б, каб увогуле скасавалі ўсялякія абмежаваньні», — кажа Паліна.

Free Belarus Center разам зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі прапаноўваў Украінскай міграцыйнай службе дазволіць беларусам атрымліваць часовую абарону, якая якраз цяпер і ўведзеная для ўкраінцаў па ўсёй Эўропе і даецца на час канфлікту.

«На той момант гэта падавалася вельмі лягічнай працэдурай, таму што ў Беларусі была актыўная фаза гэтага канфлікту, і людзі не маглі бясьпечна заставацца ў сваёй краіне. Інакш бы ім пагражала турма. Украіна ня стала той краінай, якая лёгка пайшла насустрач (у адрозьненьне ад Польшчы ці Літвы).

На адкрыцьці выставы на Майдане ў Кіеве, жнівень 2021
На адкрыцьці выставы на Майдане ў Кіеве, жнівень 2021

Мы прапаноўвалі варыянт, які ёсьць у Грузіі — з максымальна шырокай магчымасьцю заставацца ў краіне да 364 дзён, і толькі на 1 дзень выехаць, каб „абнуліць“ тэрмін знаходжаньня іншаземцаў. Аднак ва Ўкраіне ў нас ня ўсё атрымалася. Зь міграцыйнымі службамі часам няпроста працаваць. Але адносна шмат беларусаў усё ж такі легалізаваліся ва Ўкраіне», — кажа Паліна Бродзік.

Яна прызнаецца, што падчас працы трапляліся і махляры, несумленныя людзі, якія хацелі скарыстацца фінансавай дапамогай, ня маючы на тое падстаў.

«Але я б не сказала, што іх было шмат. І мяне яны не дэматывавалі. Гэта настолькі мізэрная колькасьць людзей была, што яна, па сутнасьці, ні на што не ўплывала. Але ўдзячных людзей і вартых дапамогі было значна больш».

Паліна Бродзік
Паліна Бродзік

«У нас падобная гісторыя, і мы павінны рухацца разам»

Каардынатарка Free Belarus Center пералічвае пасьпяховыя праекты, якія рабіліся ва Ўкраіне: адукацыйныя праграмы, трэнінгі, школы для актывістаў, аксэлератары, разьлічаныя на вузейшую аўдыторыю: для журналістаў-расьсьледавальнікаў (у супрацы зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў), аксэлератар па жаночым лідэрстве.

Free Belarus Center пачаў супрацоўнічаць з Кіева-Магілянскай акадэміяй, якая стала добрым сталым партнэрам.

«Мы запусьцілі стыпэндыяльную праграму для беларускіх студэнтаў на базе гэтай акадэміі, курсы ўкраінскай мовы для беларусаў, прычым у кантэксьце сустрэч з украінскімі палітолягамі, журналістамі, якія расказвалі пра гісторыю Ўкраіны, асабліва пра сучасную гісторыю пасьля 2014 году. У нас зьявіліся шырэйшыя стыпэндыяльныя праграмы, якія працуюць дагэтуль», — кажа Паліна.

Паліна Бродзік
Паліна Бродзік

Таксама важны кірунак — культурная дыпляматыя. Летась у ліпені зладзілі ў Кіеве фэстываль беларускай культуры, у жніўні — вялікую выставу на Майдане да гадавіны пачатку пратэстаў (у супрацы з Музэем рэвалюцыі годнасьці). Потым выстава паехала і ў Львоў.

«Украінцы і беларусы павінны даведацца адзін пра аднаго больш. Вельмі важна, каб мы падтрымлівалі стасункі, каб разумелі, наколькі падобная ў нас гісторыя і што мы павінны разам рухацца наперад. Бо тое, што ў выніку атрымаецца ва Ўкраіне, вельмі моцна дапаможа Беларусі.

Існавала шмат стэрэатыпаў і непаразуменьняў. Ня ўсе беларусы разумелі, што адбылося ва Ўкраіне ў 2014 годзе. Мы рабілі «постмайданавыя», «пострэвалюцыйныя» экскурсіі для беларусаў па ключавых мясьцінах «рэвалюцыі годнасьці», — расказвае Паліна.

Free Belarus Center мае чат-бот, у які за ўвесь час паступіла ўжо больш за 5 тысяч зваротаў, і асобны чат-бот па псыхалягічнай дапамозе.

Тэлеграм-канал Free Belarus Center.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG