Вярхоўны суд разглядае справу аб ліквідацыі арганізацыі для дзяцей «Сьвет цесны»
У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь
Арганізацыю зарэгістравалі ў Беларусі 16 студзеня 1996 году, а праз 27 гадоў хочуць зьліквідаваць.
У Вярхоўным судзе Беларусі пачалося паседжаньне аб ліквідацыі Міжнароднай асацыяцыі для дзяцей «Сьвет цесны». Разгляд пачаўся ў 11:30.
Арганізацыя існуе з 1996 году, калі была афіцыйна зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Судзьдзя — Нэлі Коўшун, пра якую вядома, у прыватнасьці, што яна ў 2017 годзе адмовіла ў задавальненьні скаргі руху «За свабоду» на афіцыйнае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі. Папярэджаньне вынесьлі за тое, што неназваны прадстаўнік руху «За свабоду», паводле дадзеных Мінюсту, быў арганізатарам акцыі 25 сакавіка і заклікаў на яе да таго, як быў атрыманы афіцыйны дазвол на правядзеньне.
10 студзеня ВС пачаў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі створанага ў 1969 годзе Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
За пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца сьнежня 2022-га грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся сама меней 1173 некамэрцыйных арганізацый — абʼяднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцый, сьведчаць дадзеныя праваабарончай арганізацыі Lawtrend.
Большасьць арганізацый закрываюцца рашэньнем уладаў.