Лукашэнка заявіў Лаўрову, што Ўкраіна не ідзе на правакацыі супраць Беларусі

Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Лаўроў. Архіўнае фота

У Менску зь візытам знаходзіцца міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

Візыт Сяргея Лаўрова пачаўся з сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як піша БелТА, сярод іншага Лукашэнка заявіў Лаўрову:

«Сёньня бясьпека для нас, ня толькі для Расеі, яшчэ больш важная. Вы ведаеце задумы нашых заходніх суседзяў. Ня толькі Ўкраіны. Яны спрабуюць і Ўкраіну выкарыстоўваць супраць Беларусі. Але што мяне ўражвае і прыемна зьдзіўляе, Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хоць яе актыўна падштурхоўваюць нашы заходнія суседзі. Таксама ведаеце, хто».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ня трапіла ў апошнія санкцыйныя пакеты Эўразьвязу праз пазыцыю Ўкраіны

Пры гэтым Лукашэнка сказаў, што ён выканае ўсё, што абяцаў у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны:

«Праблемы, зьвязаныя з апэрацыяй Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне. Усё, што я абяцаў, усё, што трэба для Расеі ў гэты няпросты пэрыяд (што там для Расеі… Для нас — для Расеі і Беларусі), мы робім».

Аляксандр Лукашэнка заявіў Лаўрову, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у мірных перамовах, што ён гатовы падтрымаць Расею ў тым, каб дамаўляцца аб міры:

«Слухаў вашую прэсавую канфэрэнцыю. Чуў ўсе вашыя заявы напярэдадні. Абсалютна іх усе падтрымліваю. І пры любых кантактах, якія ў нас здараюцца з Захадам, іншымі, мы гаворым пра тое, што Расея ніколі не была супраць міру. Калі ласка, давайце будзем дамаўляцца. Мы гатовы ў гэтым удзельнічаць. Вы ў гэтым не павінны сумнявацца. Калі нешта трэба з нашага боку і мы можам зрабіць, скажыце прама, мы будзем працаваць разам», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дык ваюе Беларусь ці не? Лукашэнка спрабуе апраўдвацца

У лютым 2022 году Лукашэнка дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны, пасьля чаго здарылася разьня ў Бучы, а таксама расейцы вялі зь беларускіх гарадоў абстрэлы цывільных аб’ектаў у гарадах Украіны, ад чаго гінулі людзі. За саўдзел у вайне на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцый.

Цяпер у Беларусі знаходзяцца каля 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў з тэхнікай, якія праводзяць вучэньні. З 16 студзеня пачаліся двухтыднёвыя вучэньні паветраных сіл Беларусі і Расеі на ўсіх беларускіх аэрадромах і палігонах СПА.

У той жа час у вайне на баку Ўкраіны змагаецца беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ўваходзяць у склад украінскіх вайсковых фармацый, некаторыя зь якіх ужо аддалі свае жыцьці на вайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна мае зброю, якая дастане да рэзыдэнцыі Лукашэнкі». Кіраўнік «Беларускага Гаюна» Матолька пра сцэнары вайны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.