На дзяржаўнай тэлевізіі абвінавацілі амбасаду Ўкраіны ў Менску ў вэрбаваньні людзей на вайну. Пасол адказаў

Кветкі ў знак салідарнасьці з народам Украіны на агароджы амбасады гэтай краіны ў Менску, архіўнае фота

Для абвінавачаньняў выкарысталі гісторыю затрыманага грамадзяніна Грузіі.

У сюжэце на «Беларусь 1» пад назвай «Катюшин расчёт» Кацярыны Ціхаміравай сьцьвярджаюць, нібыта грамадзянін Грузіі Георгій Зіракашвілі працаваў у таксі ў Польшчы і пратэрмінаваў дакумэнты, ад чаго мусіў пакідаць ЭЗ. Дзеля таго, каб неяк зарабіць, ён нібыта вырашыў далучыцца да Грузінскага легіёну, які ваюе за Ўкраіну супраць Расеі.

Дзяржаўныя журналісты назвалі ў матэрыяле імя пасла Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма і адкрыта вінавацяць украінскую амбасаду ў вэрбаваньні людзей на вайну. Аднак доказаў не прыводзяць.

У матэрыяле ёсьць кадры «апэратыўнай здымкі». Мяркуючы па іх, за мужчынам сачылі, паказалі ягоную сустрэчу з тымі, каго ён лічыў консульскімі работнікамі ўкраінскага пасольства. Насамрэч гэта былі беларускія сілавікі. Прыводзіцца фрагмэнт размовы: яны пыталіся, ці ёсьць у Георгія вайсковы досьвед. Той адказаў, што шмат гадоў таму служыў у авіяцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Ўкраіны ў Менску і заходнія дыпляматы купілі генэратары аднаму з падразьдзяленьняў украінскай тэрытарыяльнай абароны

Акрамя таго, у сюжэце ўспомнілі Венскую канвэнцыю аб дыпляматычных зносінах, якую нібыта парушыла ўкраінскае пасольства ў Беларусі.

Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі на чале з Лукашэнкам адкрыта падтрымала Расею ў вайне супраць Украіны. Асабіста супраць Ігара Кізімы выступаў, напрыклад, былы міліцыянт, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч: заклікаў выдварыць Кізіма з краіны, а каля амбасады ладзілі праўладны мітынг з чырвона-зялёнымі і расейскімі сьцягамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны ў Беларусі не падтрымаў ініцыятывы пра ўвядзеньне паміж краінамі візавага рэжыму

Адказ пасла

Ігар Кізім адказаў на закіды прапагандыстаў. Амбасада ўжо накіравала ў МЗС Беларусі ноту.

«Выразна відаць чарговы ўсплёск антыўкраінскай гістэрыі на вядучым дзяржаўным канале беларускай тэлевізіі і пошук так званых „кампрамэтавальных“ матэрыялаў для правакацый супраць амбасады і яе супрацоўнікаў. Пытаньне — які сэнс ва ўсёй гэтай хлусьні, маніпуляцыях і крывадушнасьці для беларускага боку? Я яшчэ магу зразумець расейскую цікавасьць, але беларускую... Як тут не ўзгадаць пра леташнюю кадэбэшную „апэрацыю“ па „выяўленьні шпіёнаў“ сярод супрацоўнікаў амбасады, (прылічылі нават нашых ахоўнікаў), у якой вельмі моцна тырчалі эфэсбэшныя вушы», — канстатаваў Кізім.

Ён таксама дадаў, што беларускія прапагандысты выконваюць ролю «на падтанцоўках у сваіх расейскіх куратараў», пры гэтым маўчаць пра ахвяры сярод цывільнага насельцтва Ўкраіны, якое гіне ад рук расейскіх вайскоўцаў, частка якіх натрэніраваная ў Беларусі, і ад расейскіх ракет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахі паставілі ў Бучы «юрту нязломнасьці» для падтрымкі ўкраінцаў, у Расеі абурыліся

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.