У Ровенскай вобласьці Ўкраіны, якая мяжуе зь Беларусьсю, замінавалі ўвесь памежны пэрымэтр

Архіўнае фота. на беларуска-ўкраінскай мяжы

На Ровеншчыне замінавалі ўвесь памежны пэрымэтр, а ля мяжы зь Беларусьсю працягваюць узводзіцца фартыфікацыйныя збудаваньні, паведаміў 15 студзеня кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль.

«У нашым рэгіёне ўвесь памежны пэрымэтр замінаваны. Да таго ж поўнач Ровенскай вобласьці — гэта цалкам лясы і балоты. Толькі вар’ят адважыцца лезьці ў гэты, як мы завем, Палескі кацёл. Поўнач Роўненшчыны стане крывавым балотам, калі Расея адкрые яшчэ адзін фронт з боку Беларусі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Коваль.

Ён таксама адзначыў, што на поўначы рэгіёну актыўна ўзводзяць інжынэрныя і фартыфікацыйныя збудаваньні, абсталёўваюць супрацьтанкавыя равы.

«Усе 229 км сумеснай з Рэспублікай Беларусь [мяжы] умацоўваюцца настолькі, каб расейскія войскі не змаглі прайсьці ўглыб нашага рэгіёна. Калі ўлады Беларусі дазволяць ім пачаць наступ. У мясцовага насельніцтва баявы настрой. Майце на ўвазе — гэта яшчэ адна армія. Людзі гатовыя абараняць сваю тэрыторыю. Гістарычна, поўнач Ровеншчыны — гэта край партызанскай славы», — адзначыў Коваль.

Паводле яго, мясцовыя жыхары добраахвотна кожны дзень прыходзяць выкопваць супрацьтанкавыя равы, дапамагаюць узводзіць агароджы і іншыя абарончыя збудаваньні.

У студзені 2023 году ўкраінскія вайскоўцы правялі вучэньні каля мяжы зь Беларусьсю, падчас якіх адпрацавалі меры па абароне краіны ў выпадку новага ўварваньня з поўначы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля мяжы зь Беларусьсю ў Ровенскай вобласьці СБУ вучылася змагацца з дывэрсійнымі групамі. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна трымае на беларускім кірунку каля 15 тысяч вайскоўцаў. Расеі для наступу трэба ў пяць разоў больш». Як Украіна ўмацоўвае абарону
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацьтанкавыя равы, бэтонныя пліты і міны. Ва Ўкраіне паказалі, як умацавалі мяжу зь Беларусьсю