Праз расейскі напад на Ўкраіну Гомельскі хімзавод пазбавіўся 95% экспарту

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Завод пераарыентаваўся на расейскі рынак.

Гомельскі хімзавод у сакавіку мінулага года з прычыны ваеннага нападу Расеі на Ўкраіну пазбавіўся 95% экспарту. Пра гэта «Вестнику Белнефтехима» расказаў дырэктар прадпрыемства Дзьмітры Чарнякоў.

Паводле Чарнякова, прадпрыемства адрэагавала на санкцыі і новыя абставіны: зьніжала затраты, эканоміла на ўсім, падвышала цэны на ўнутраным рынку, пераарыентавала экспарт з рынку Ўкраіны.

На працягу пяці гадоў прадпрыемства не падымала цэны на ўгнаеньні ўнутры Беларусі, бо ўдавалася перакрываць страты ад іх даходамі ад экспарту. У 2020 годзе дзеля дывэрсыфікацыі прадпрыемства распачало рэгістрацыю асобных марак угнаеньняў у Расеі.

Чарнякоў таксама адзначыў, што Гомельскі хімзавод пасьля вайны захаваў сваю прысутнасьць і ў Эўразьвязе. Для гэтага прыйшлося прыбраць з NPK-угнаеньняў калійны складнік, які апынуўся пад санкцыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія кампаніі зьвяртаюцца ў суды, каб вярнуць грошы за сарваныя вайной беларускія кантракты

У 2023 годзе завод зрабіў стаўку на расейскі рынак мінэральных угнаеньняў. У Расею за мінулыя паўгода ўдалося прадаць 200 тысяч тон комплексных угнаеньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Узялі за допіс у Instagam». Падрабязнасьці затрыманьня топ-мэнэджара «Беларуснафты»