Улады Беларусі ліквідуюць Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, створанае яшчэ за савецкім часам

Вярхоўны суд Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Разгляд позвы Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі адной з найстарэйшых грамадзкіх арганізацый краіны праходзіць 10 студзеня ў Вярхоўным Судзе.

Паводле раскладу на сайце Вярхоўнага суду Беларусі, працэс з 10-й раніцы 10 студзеня вядзе судзьдзя Кацярына Якутовіч.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры — адна з найстарэйшых культурна-гістарычных арганізацый у Беларусі: яно была заснаванае яшчэ ў 1966 годзе. Спачатку дзейнічала як дзяржаўна-грамадзкая інспэкцыя ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны і фонд, які фінансаваў рэстаўрацыю шматлікіх помнікаў.

У савецкі час у ВНУ і школах, на прадпрыемствах прадавалі маркі таварыства, а сабраныя за іх грошы ішлі на рэстаўрацыю помнікаў. Сярод рэстаўраваных за кошт таварыства былі Сафійскі сабор ў Полацку, кальвінскія зборы ў Заслаўі ды Смаргонях і іншыя беларускія славутасьці.

Пазьней таварыства стала цалкам не залежным ад дзяржавы аб’яднаньнем. Яно, у прыватнасьці, змагалася супраць зносу розных гістарычных аб’ектаў і рабіла прапановы па іх уключэньні ў сьпіс культурных каштоўнасьцяў. У 2007 годзе старшынём арганізацыі стаў гісторык-этноляг і культуроляг Антон Астаповіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі могуць ліквідаваць Таварыства аховы помнікаў, заснаванае яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя

Ліквідуюць і іншыя арганізацыі

На гэтым тыдні, 11 і 12 студзеня, таксама адбудуцца разгляды пазоваў аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын, зарэгістраванай у 1996 годзе, якая займалася рэалізацыяй праграм «у прасоўваньні гендэрнай роўнасьці і супрацьдзеяньні гендэрнаму гвалту», а таксама міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «Місія дапамогі зьняволеным», зарэгістраванага ў 2000 годзе.

Колькасьць зьліквідаваных грамадзкіх арганізацый у Беларусі ўжо большая за тысячу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Маніторынг Lawtrend: За два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый