«Пад яго падпадае любы крок любой асобы». Што парушае новы закон «Аб канфіскацыі маёмасьці»

Шэўрон супрацоўніка органаў прымусовага выкананьня. Ілюстратыўнае фота

21 сьнежня Палата прадстаўнікоў Беларусі прыняла закон «Аб канфіскацыі маёмасьці». Глядзім, наколькі ён адпавядае Канстытуцыі.

Пра тое, што закон «Аб канфіскацыі маёмасьці» прыняты, раней афіцыйна не паведамлялі. Апублікавалі яго ў ноч на 6 студзеня.

У законе ўказана, што ён прыняты «з улікам неабходнасьці неадкладнага і эфэктыўнага рэагаваньня на існыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусі ў рэжыме спэцыяльных абмежавальных мераў» і накіраваны на «гарантаваньне нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі, яе эканамічнай стабільнасьці, абарону правоў і законных інтарэсаў беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асобаў, інтарэсаў грамадзтва і дзяржавы».

Адабраньне маёмасьці будзе адбывацца «па матывах грамадзкай неабходнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі таемна прынялі закон аб канфіскацыі маёмасьці за «недружалюбныя дзеяньні» супраць краіны

Рашэньне аб канфіскацыі прымае Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ў дакумэнце. Пасьля гэтага Дзяржаўны камітэт маёмасьці мае зьвярнуцца ў эканамічны суд з заявай. Яе павінны разгледзець цягам месяца.

Сканфіскаваныя аб’екты права ўласнасьці павінны паступаць ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь, грашовыя сродкі — пералічвацца ў рэспубліканскі бюджэт.

Закон уступае ў сілу праз 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня. Але ўрад мае паўгода на прыняцьце мераў для яго рэалізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта судзіць завочна, хто «зьлямзіў» 200 000 эўра і ці час адмяняць санкцыі — гутарка з Апейкіным

Каго закране закон

У дакумэнце вызначаюцца наступныя тэрміны:

афіліяваныя асобы — тыя, хто «наўпрост і (ці) ускосна (празь іншых юрыдычных і (ці) фізычных асобаў) вызначылі рашэньне аб зьдзяйсьненьні недружалюбных дзеяньняў або аказалі ўплыў на прыняцьце такога рашэньня замежнымі дзяржавамі, а таксама юрыдычныя і (ці) фізычныя асобы, якія залежаць ад рашэньняў асобаў з такіх дзяржаў і ўключаныя ў пералік, вызначаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь»;

Да асобаў з замежных дзяржаў, якія зьдзяйсьняюць недружалюбныя дзеяньні, адносяцца «замежныя асобы, зьвязаныя з замежнымі дзяржавамі, якія зьдзяйсьняюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і (ці) фізычных асобаў... і асобы, якія знаходзяцца пад кантролем названых замежных асобаў, незалежна ад месца іх рэгістрацыі ці месца пераважнага вядзеньня імі гаспадарчай дзейнасьці».

Пры такой фармулёўцы закон можа распаўсюджвацца на любую фізычную ці юрыдычную асобу, як на грамадзян Беларусі, так і замежных грамадзян. Пра гэта кажа юрыст, былы адвакат Алег Агееў.

«Любыя дзеяньні любога суб’екта, які мае маёмасьць пад юрысдыкцыяй беларускіх уладаў, могуць прывесьці да пазбаўленьня гэтай маёмасьці. Любы крок можа прывесьці да таго, што гэтая маёмасьць будзе адабраная. Пад гэты закон можа падпасьці любая фізычная ці юрыдычная асоба», — кажа Алег Агееў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьявіліся адразу тры рэпрэсіўныя законы ў дачыненьні ўласьнікаў кампаній з замежным капіталам

Што пра гэта кажа Канстытуцыя

У галоўным законе Беларусі — Канстытуцыі — гарантуецца права ўласнасьці для кожнай асобы. Вось што там сказана ў 44 артыкуле:

  • Уласьнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасьцю як аднаасобна, так і сумесна зь іншымі асобамі. Недатыкальнасьць уласнасьці, права яе атрыманьня ў спадчыну ахоўваюцца законам.
  • Уласнасьць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.
  • Прымусовае адчужэньне маёмасьці дапускаецца толькі па матывах грамадзкай неабходнасьці пры выкананьні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампэнсаваньнем кошту адчужанай маёмасьці, а таксама згодна з пастановай суду.

Таксама пра маёмасьць кажа 13 артыкул Канстытуцыі:

  • Дзяржава дае ўсім роўныя правы для ажыцьцяўленьня гаспадарчай і іншай дзейнасьці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для разьвіцьця ўсіх форм уласнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўзаконілі пірацтва кампутарных праграмаў, фільмаў, музыкі і тэлеперадач

Якія яшчэ законы супярэчаць адбіраньню ўласнасьці

У Беларусі з 1999 году дзейнічае «Закон аб уласнасьці». Вось што там гаворыцца:

  • Права ўласнасьці ў Рэспубліцы Беларусь прызнаецца і ахоўваецца законам.
  • Дзяржава забясьпечвае роўныя правы, неабходныя для разьвіцьця ўсіх форм уласнасьці, і гарантуе іх абарону.
  • У выпадку прыняцьця Рэспублікай Беларусь заканадаўчых актаў, якія спыняюць права ўласнасьці, страты, прычыненыя ўласьніку ў выніку прыняцьця гэтых актаў, кампэнсуюцца ўласьніку Рэспублікай Беларусь у поўным аб’ёме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабарончыя арганізацыі патрабуюць адмены жорсткіх выракаў лідэрам незалежных прафсаюзаў

«Гэта можа быць толькі выключная мера з кампэнсацыяй»

Кандыдатка юрыдычных навук, экспэртка Беларускага Хэльсынскага камітэту Кацярына Дзяйкала мяркуе, што гэты закон — працяг закону аб пазбаўленьні грамадзянства.

«Гэты закон па сваёй лёгіцы падобны да закону, які дазваляе пазбаўляць грамадзянства. Грамадзянства можна пазбаўляць, але гэта выключная мера. Павінен нармальна працаваць суд, і не павінны парушацца правы чалавека. З уласнасьцю тое ж самае. У гэтых законах дзяржавай аднолькава трактуецца нацыянальная бясьпека для сваіх канкрэтных мэтаў. Нацыяналізацыя маёмасьці магчымая, але гэта павінна быць зьвязана пэўнымі рамкамі. У Беларусі гэта прапісана ў Канстытуцыі. Там сказана, што пры нацыяналізацыі патрэбная поўная і своечасовая кампэнсацыя. Тое ж самае прапісана і ў Грамадзянскім кодэксе», — кажа Кацярына Дзяйкала.

Экспэртка падкрэсьлівае, што нацыяналізацыя ня можа насіць характар пакараньня, менавіта таму яна прадугледжвае кампэнсацыю.

«А ў гэтым законе менавіта карны характар, рэпрэсіўны. Ён адсочваецца зь першых словаў закону, бо падставай для адбіраньня маёмасьці служаць „недружалюбныя дзеяньні“. Абсалютна незразумела, што гэта за дзеяньні. Гэты карны характар закону парушае стандарты нацыяналізацыі. У законе таксама няма гаворкі аб поўнай кампэнсацыі, там наогул не зразумела, ці будзе нейкая кампэнсацыя», — кажа Кацярына Дзяйкала.

Таксама экспэртка зьвяртае ўвагу на мэханізм дзеяньня закону.

«Дакладна ўказана, што рашэньне аб неабходнасьці адбіраньня маёмасьці прымае Савет міністраў, а пасьля Камітэт па маёмасьці зьвяртаецца ў суд. То бок мы самі тут разьбяромся, хто тут сябра, а хто вораг, а суд вынесе адпаведнае рашэньне. Калі мы пабачым зьмены ў іншыя законы, то ўбачым, што ўносяцца зьмены ў Грамадзянскі кодэкс у артыкул 236, а гэта артыкул не аб нацыяналізацыі. Ён называецца „Прыпыненьне права ўласнасьці“. То бок яны нават гэтае адбіраньне маёмасьці ня лічаць нацыяналізацыяй», — кажа Кацярына Дзяйкала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць удзельнікаў Аб’яднанага пераходнага кабінэту распачалі «спэцвядзеньне» — іх можа чакаць завочны суд

«Гэта прававы нігілізм»

Паводле юрыста, былога адваката Алега Агеева, прыняты закон — «чарговы акт прававога нігілізму».

«Беларускае заканадаўства мае шэраг унутраных супярэчнасьцяў, і гэты закон — чарговы акт прававога нігілізму. Гэты закон супярэчыць абавязкам дзяржавы, якія прадугледжаныя Канстытуцыяй. Кідаецца ў вочы, што ў чарговы раз ідзе падмена панятку „грамадзянскай неабходнасьці“, якая прадугледжана Канстытуцыяй. І мы бачым тут, што рашэньне аб выняцьці маёмасьці прымаецца Саветам міністраў, а роля суду — проста засьведчыць гэтае рашэньне. Гэта паказвае ролю суду ў існуючай сыстэме ў Беларусі», — кажа Алег Агееў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апанэнтам Лукашэнкі адмаўляюць у прыналежнасьці да беларускага народу». Экспэрты пра закон аб пазбаўленьні грамадзянства