Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта судзіць завочна, хто «зьлямзіў» 200 000 эўра і ці час адмяняць санкцыі — гутарка з Апейкіным


Аляксандар Апейкін
Аляксандар Апейкін

26 сьнежня дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна і былую кіраўніцу фонду Аляксандру Герасіменю завочна прызналі вінаватымі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК) і прысудзілі ім максымальны тэрмін, прадугледжаны гэтым артыкулам, — 12 гадоў зьняволеньня кожнаму.

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Апейкін пракамэнтаваў прысуд і расказаў, як ён можа паўплываць на беларускі спорт.

«Нават ня ведаю, ці быў на гэтым працэсе мой адвакат»

— Вы з Аляксандрай сталі аднымі зь першых беларусаў, якіх судзілі завочна. Як вы ўспрымаеце гэты прысуд?

— Асабліва ніяк. Усё гэта прадбачылася і было вядома загадзя, бо мы мелі свае інсайды. Гэта ўсё трымаецца той лёгікі, якая цяпер у Беларусі. Але на працу і штодзённыя справы гэта ніяк не паўплывала.

— Навошта ўладам спатрэбілася такая форма пакараньня? Наўрад ці нехта будзе лавіць вас у Варшаве і перавозіць у Беларусь у багажніку.

— Гэта проста псыхоз. Гэта робіцца толькі з мэтай кагосьці запалохаць, націснуць інфармацыйна. Ёсьць такое моднае слова ІПСА — інфармацыйна-псыхалягічная спэцапэрацыя. Гэта чыста псыхалягічная апэрацыя на дэмакратычнае асяродзьдзе. Іншага сэнсу гэта ня мае. Уся працэдура займае шмат часу для сыстэмы, справаводзтва для судзьдзяў і г. д. Гэта спэктакль, каб запалохаць.

— Канфіскацыя маёмасьці можа ўсё ж быць балючай формай пакараньня, бо ў людзей ёсьць нерухомасьць, аўтамабілі.

— Па-першае, да гэтага шмат хто ўжо падрыхтаваны. Людзі, якія рабілі ў 2020 годзе маральны выбар, былі гатовыя да гэтага. Па-другое, гэтыя прысуды незаконныя. Як толькі ў Беларусі скончыцца ўся гэтая сытуацыя з дыктатурай і прававым дэфолтам, людзі змогуць вярнуць сваю маёмасьць. Асабліва ні ў кога няма расчараваньня, бо ніхто не чакае, што гэта надоўга, на дзесяцігодзьдзі. Усе разумеюць, што рэжым цяпер у гістарычным тупіку. Празь вельмі кароткі час усё гэта скончыцца, і людзі змогуць вярнуцца ў Беларусь.

— Вас гэтае пазбаўленьне маёмасьці неяк закранула?

— Не, не было чаго асабліва забіраць. Таксама я ж пакуль ня ведаю дэталяў прысуду. Калі шчыра, то я не сачу за гэтым працэсам, бо не ўспрымаў яго як нейкую падзею або легітымную зьяву. На працы фонду гэта таксама ніяк не адбілася.

— Ці дасылалі вам нейкія запрашэньні ў суд або іншыя дакумэнты, датычныя працэсу?

— Была, здаецца, адзіная позва ў суд. Нават адвакаты не спрабавалі зьвязвацца. Нават ня ведаю, ці быў там адвакат. Працэс зрабілі закрытым. Але ён быў цікавы толькі з аднаго пункту гледжаньня. Выйшла, што Эўрапейская фэдэрацыя веласпорту «зьлямзіла» 200 000 эўра ў Беларускай фэдэрацыі веласіпеднага спорту. У чэрвені 2021 году ў Беларусі павінен быў прайсьці чэмпіянат Эўропы па веласпорце на трэку, і беларуская фэдэрацыя заплаціла ўнёсак 200 000 эўра за яго правядзеньне. І эўрапейская фэдэрацыя гэты ўнёсак не вярнула. Беларускі бок паспрабаваў гэты ўнёсак павесіць на нас. Але эўрапейскі бок адмяніў гэтае мерапрыемства з фармулёўкай «празь лягістычныя цяжкасьці». Тады пры чым тут мы да лягістычных цяжкасьцяў? Зьмяніце тады фармулёўку на «правы чалавека», тады можна будзе казаць, што мы ўскосна на гэта паўплывалі. Бо іхная фармулёўка — гэта, па сутнасьці, форс-мажорныя абставіны, і пры такіх абставінах унёсак вяртаецца. Але, ведаючы добрыя стасункі Беларускай фэдэрацыі веласпорту і Эўрапейскай фэдэрацыі, я выдатна разумею, што з гэтымі грашыма сталася. Трэба яшчэ ўлічваць, што і старшыня беларускай фэдэрацыі Натальля Цылінская ў той час уваходзіла ў выканкам Эўрапейскага веласіпеднага саюзу і таму таксама ўдзельнічала ў гэтым рашэньні.

— А што магло стацца з гэтымі грашыма?

— Доказаў у нас няма, але, ведаючы іх шчыльныя прыватныя стасункі з кіраўніком эўрапейскага саюзу Энрыка дэльля Каза, які неаднойчы прыяжджаў у Менск і яны, як той казаў, не адну каністру каньяку там выпілі... Я разумею, што там сталася.

«Усе міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі праводзіліся б выключна з адной мэтай — легітымізацыя рэжыму Лукашэнкі»

— Фармулёўка вашага артыкула: «заклік да санкцый». Але ж вы, па сутнасьці, да іх і заклікалі?

— Мы ня можам заклікаць да санкцый, мы можам толькі даваць інфармацыю пра парушэньні правоў спартоўцаў, якія мелі месца ў Беларусі. Мы не заклікалі да санкцый, мы проста фіксавалі парушэньні і дасылалі інфармацыю ў адпаведныя інстытуцыі. Гэта міт, што беларускія суб’екты могуць уплываць на санкцыі. Іх прымаюць або заходнія краіны, або міжнародныя інстытуты за парушэньне сваіх статутаў.

— Але калі адмянілі чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску, то вы лічылі гэта посьпехам?

— Так. Але рашэньне ўсё роўна прымала Міжнародная фэдэрацыя хакею. Гэта рабілася на падставе парушэньня правоў чалавека. Быў цьвёрды заклік пераносіць гэтае мерапрыемства. Бо праводзіць яго ў той час было б проста злачынным. Гэта была б дыскрэдытацыя хакею як віду спорту.

— За два гады ад выбараў у Беларусі адмянілі мноства розных спартыўных спаборніцтваў. Беларускія спартоўцы ня могуць удзельнічаць у іншых спаборніцтвах за мяжой. Гэта прынесла нейкі плён?

— Вядома. Усе міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі праводзіліся б выключна з адной мэтай — легітымізацыя рэжыму Лукашэнкі. І чэмпіянат сьвету па хакеі, і чэмпіянат Эўропы па веласпорце — гэта ўнівэрсальныя пляцоўкі дзеля легітымізацыі. Міжнароднае спаборніцтва — гэта сьвята для прапаганды, бо прыяжджаюць міжнародныя інспэктары, дэлегаты, спартоўцы. Да іх выходзяць чыноўнікі, сам Лукашэнка, узнагароджваюць. І ўсё гэта робіцца на камэру, усё трансьлюецца і фактычна вядзе да нармалізацыі сытуацыі. Чаму мы настойваем на неправядзеньні міжнародных мерапрыемстваў у Беларусі? У сытуацыі, калі ў нас тысячы палітзьняволеных, калі ў нас не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі, праводзіць міжнародныя мерапрыемствы — гэта значыць легалізаваць усю гэтую справу. Гэтага нельга рабіць ні ў якім разе. Гаворка ж не пра тое, як нашкодзіць спартоўцам. Наадварот. Мы за разьвіцьцё спорту. Пакуль у Беларусі ня пройдуць выбары, ня зьменіцца рэжым, гаварыць пра разьвіцьцё спорту, пра міжнародныя спаборніцтвы ўвогуле немагчыма. Разьвіцьцё спорту і суіснаваньне з рэжымам Лукашэнкі — немагчымыя рэчы. Спорт пачнецца тады, калі ў Беларусі зьменіцца ўлада з дыктатарскай на дэмакратычную. Да гэтага ўжо нічога ня будзе.

— А калі гэтая сытуацыя зацягнецца, то спартоўцы, якія жывуць дзеля спаборніцтваў, ня змогуць гэтага рабіць. Тады пра якое разьвіцьцё спорту можа ісьці гаворка?

— Уся краіна цяпер у палоне. Нельга казаць, што ў спартоўцаў павінны быць нейкія прывілеі. Тысячы людзей сядзяць у турмах. Гэта зламаныя лёсы, разбураныя сем’і, канфіскаваная маёмасьць. Спартоўцы ня могуць быць асобнымі ад усяго соцыюму. Увесь соцыюм цярпіць у Беларусі, уся краіна. Спартоўцы павінны разумець, што ўсе працэсы ўзаемазьвязаныя. Спорт ня можа быць асобнай зьявай. На жаль, разьвіцьцё спорту спыняецца на гады.

«Гэта ілюзія, што можна дамовіцца з рэжымам і што людзі выйдуць на волю»

— Ці дапаможа сёньня лібэралізацыі паслабленьне санкцый, у тым ліку спартыўных?

— Гэта ні ў якім разе не паспрыяе. Гэта ілюзія, што можна дамовіцца з рэжымам і што людзі выйдуць на волю. Там, ва ўладзе, гэтая працягнутая рука будзе ўспрынятая як слабасьць, і пачнуцца яшчэ больш жорсткія працэсы. Яшчэ нюанс, што спартыўныя санкцыі ўводзяцца за парушэньне алімпійскіх прынцыпаў, за рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў алімпійскага руху. Санкцыі — гэта рэакцыя на дзейнасьць. Калі ня будзе дзейнасьці, то ня будзе і рэакцыі. Калі будзе паляпшэньне, тады будуць здымацца і санкцыі. А пайсьці на такую ўгоду — значыць дазволіць рэжыму існаваць яшчэ даўжэй. Выйдуць адны — сядуць іншыя. Гэта будзе бясконцае кола.

— Ці бачыце вы ў міжнародных спартыўных арганізацый палітычную волю да адмены або паслабленьня санкцый?

— Ідуць спрэчкі. Ёсьць алімпійскія суб’екты, якія выступаюць за зьняцьцё санкцый, і там ёсьць, дарэчы, пэўная лёгіка. Гаворка хутчэй пра скарачэньне санкцый. Дыскусія ідзе або пра поўны нядопуск да Алімпійскіх гульняў, або частковы. Магчыма, будзе прынятае рашэньне аб допуску па крытэрах. Напрыклад, спартоўцы, якія падпішуць антываенную дэклярацыю, якія заявяць пра антываенныя погляды, могуць быць дапушчаныя да Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Але гэтая сытуацыя, якая цяпер здарылася з Надзяй Астапчук, з намі... я не выключаю, што можа быць увогуле прыпыненьне сяброўства Беларусі ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Падзеі, якія адбыліся за апошнія два тыдні, у тым ліку і з намі, — гэта перасьлед удзельнікаў алімпійскага руху, бо Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці — гэта прадстаўнікі алімпійскага руху. А перасьлед удзельнікаў алімпійскага руху — даволі сур’ёзнае парушэньне. Таму ўчора гэтая інфармацыя была накіраваная ў МАК, у 48 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і Нацыянальны алімпійскі камітэт ЗША. Думаю, што на гэта будзе пэўная рэакцыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG