Відавочца расказаў пра гібель 200 расейскіх вайскоўцаў у Макееўцы
Разбор завалаў былога ПТВ у Макееўцы, 3 студзеня 2023
Пры ўдары па казармах расейскіх вайскоўцаў у Макееўцы ў навагоднюю ноч загінулі каля 200 чалавек, каля 150 былі параненыя. Пра гэта выданьню «Вёрстка» паведаміў адзін з мабілізаваных, якія разьбіраюць завалы.
Паводле відавочцы, ён сам бачыў каля двухсот целаў. Расейскае Міністэрства абароны афіцыйна прызнае толькі 89 загінулых. Украінскі бок паведамляў пра 400 забітых.
Афіцыйная ацэнка колькасьці загінулых значна ніжэйшая, чым паведамляюць крыніцы зь месца падзей. Расейскі праваенны канал «Царьград» паведамляў са спасылкай на мясцовыя чаты, што колькасьць загінулых ацэньваюць «сотнямі чалавек». Былы кіраўнік узброеных сіл данецкіх сэпаратыстаў Ігар Стралкоў (Гіркін) паведамляў, што, паводле ягонай інфармацыі, лік загінулых «ідзе на многія сотні».
Казарма расейскіх вайскоўцаў разьмяшчалася ў будынку ПТВ на вуліцы Крамлёўскай. Мяркуецца, што там раскватаравалі мабілізаваных з Самарскай вобласьці. Жыхары рэгіёну патрабуюць ад уладаў паведаміць пра лёс іх сваякоў.
3 студзеня ў Самары, Тальяці, Навакуйбышаўску і Сызрані прайшлі жалобныя мітынгі. Як паведамляе выданьне «Важные истории», жонкі мабілізаваных расказалі, што дагэтуль ня маюць інфармацыі, хто зь іх мужоў жывы, а хто загінуў, і дзе цяпер ацалелыя. Сувязі зь імі няма. На сайце change.org зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем апублікаваць пайменныя сьпісы загінулых і параненых у Макееўцы і прадставіць гэтыя дадзеныя прэсе. На момант публікацыі навіны яе падпісалі больш за 200 чалавек.
Нават афіцыйная ацэнка — 89 загінулых — гэта максымальныя аднамомантавыя страты, прызнаныя Расеяй з пачатку вайны. Суразмоўца «Вёрсткі» расказаў, што мабілізаваным у Макееўцы страшна заставацца ў горадзе. «Мы нават не разумеем, за што мы ваюем, — сказаў ён. — Мы тут нікому не патрэбныя».