Партыя экс-прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі перадала палку Каліноўскага дапамогу на фронт

Ірына Герашчанка (другая зьлева) перадала палку Каліноўскага дапамогу на фронт

«Калі нехта і трымае веру, што беларусы не расейцы, то гэта менавіта полк Каліноўскага», — заявіла Ірына Герашчанка.

Народная дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка (фракцыя партыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць») паведаміла аб перадачы дапамогі палку Каліноўскага, падразьдзелу беларусаў, які ваюе ў складзе Ўзброеных сіл Украіны.

«Калі нехта і трымае веру, што беларусы не расейцы, то гэта менавіта полк Каліноўскага. Гэтыя мужныя мужчыны і жанчыны са зброяй у руках разам з украінскімі ваярамі адстойваюць дэмакратыю, права народаў на сувэрэнітэт і незалежнасьць. І таму маюць павагу ўкраінцаў», — заявіла Ірына Герашчанка.

Дэпутатка ўдакладніла, што беларускаму палку перадалі буржуйкі і зімнюю форму.

Ірына Герашчанка была адной з тых дэпутатаў, якія пасьля ўварваньня Расеі з тэрыторыі Беларусі і абстрэлаў Украіны зь беларускай тэрыторыі рэзка крытыкавала беларусаў і абвінавачвала іх у маўчаньні і адсутнасьці пратэстаў супраць вайны ва Ўкраіне.

У той жа час прадстаўніца фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» разам зь іншымі дэпутатамі ўзяла ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі палка Каліноўскага сёлета ў кастрычніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Полк Каліноўскага паведаміў пра сустрэчу з украінскімі дэпутатамі

Мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін 23 сьнежня паведаміў, што горад на наступным тыдні таксама перадасьць беларускаму палку дапамагу.

«Яны наладжваюць сувязі з Ровенскай, Валынскай і Жытомірскай абласьцямі. Літаральна на наступным тыдні мы паедзем да іх, яны знаходзяцца пад Бахмутам, і адвязём ім гуманітарную дапамогу, аўтамабілі, квадракоптэры, каб дапамагчы хлопцам, бо гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі», — сказаў мэр Жытоміра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мэр Жытоміра: мяжа зь Беларусьсю закрыта надзейна, у выпадку нападу полк Каліноўскага будзе дапамагаць абараняць рэгіён

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.