Сяргей Сухамлін паведаміў, што на наступным тыдні горад перадасьць беларускаму палку дапамагу.
Мэр горада Жытомір Сяргей Сухамлін заявіў, што фартыфікацыйныя ўмацаваньні на беларуска-ўкраінскай мяжы ў Жытомірскай вобласьці дапамагалі ствараць мясцовыя бізнэсоўцы.
«Тры месяцы таму мы пачалі будаваць, найперш за кошт бізнэсу, і на сёньня ўжо адпрацоўваем з грамадамі выдзяленьне фінансаваньне на будаўніцтва дадатковых ліній абароны. Пабудавалі шмат фартыфікацый і бэтоннай агароджы, і я дакладна ведаю, што мяжа ў Жытомірскай вобласьці закрытая надзейна. Там працуе тэрабарона і Ўзброеныя сілы», — паведаміў Сяргей Сухамлін 23 сьнежня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Мэр Жытоміра дадаў, што гарадзкія і абласныя ўлады наладзілі беспасярэднія зносіны з кіраўніцтвам палка Каліноўскага.
«У мяне была сустрэча з кіраўніком палка Каліноўскага — гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі, і ў выпадку інтэрвэнцыі з боку Беларусі, гэты полк будзе здымацца з усходу і пераходзіць менавіта на беларускую мяжу, каб у першых шэрагах абараняць Украіну і потым вызваляць Беларусь ад дыктатара Лукашэнкі», — адзначыў ён.
Сяргей Сухамлін паведаміў, што на наступным тыдні горад перадасьць беларускаму палку дапамагу.
«Яны наладжваюць сувязі з Ровенскай, Валынскай і Жытомірскай абласьцямі. Літаральна на наступным тыдні мы паедзем да іх, яны знаходзяцца пад Бахмутам, і адвязём ім гуманітарную дапамогу, аўтамабілі, квадракоптэры, каб дапамагчы хлопцам, бо гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі», — сказаў мэр Жытоміра.
20 сьнежня камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў аб павелічэньні вайсковай пагрозы з боку Беларусі і запэўніў, што Ўкраіна павялічыць свой вайсковы кантынгент на мяжы зь Беларусьсю.
Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.
Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.