Сэнат ЗША падтрымаў законапраект аб перадачы Ўкраіне арыштаваных актываў РФ

Капітолій. Вашынгтон, ЗША. Ілюстрацыйнае фота

Сэнат ЗША падтрымаў законапраект аб выкарыстаньні арыштаваных у краіне актываў расейскіх бізнэсоўцаў для дапамогі Ўкраіне, паведаміў у сваім Twitter ініцыятар законапраектуа, сябра Палаты прадстаўнікоў Том Маліноўскі.

Па словах кангрэсмэна, законапраект прынялі як папраўку да законапраекту аб фінансаваньні фэдэральнага ўраду ЗША.

Прагназуецца, што Палата прадстаўнікоў прагаласуе за яго пазьней.

Навіну аб прыняцьці законапраекту Сэнатам пацьвердзіў старшы дарадца Кангрэсу ЗША Пол Масара.

«Сэнат ЗША толькі што аднагалосна прагаласаваў за перадачу канфіскаваных актываў [расейскіх] алігархаў Украіне», – удакладніў ён.

Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у камэнтары CNN растлумачыў, што гэтая папраўка дазволіць Міністэрству юстыцыі ЗША празь дзяржаўнага сакратара накіроўваць даходы ад рэалізацыі арыштаваных актываў расейскіх алігархаў або іншых расейскіх арганізацый, якія трапілі пад амэрыканскія санкцыі расейскіх арганізацый.

Таксама Сэнат ухваліў у цэлым праект бюджэту краіны на 2023-і фінансавы год аб'ёмам каля $1,7 трлн. Ён прадугледжвае выдзяленьне $ 44,9 млрд на дапамогу Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Комплекс Patriot істотна ўмацуе нашу абарону». Пра што гаварылі Байдэн і Зяленскі

Пры гэтым у бюджэце на гэты год агульная падтрымка Ўкраіны была прадугледжана на ўзроўні $ 13,6 млрд, што амаль у тры разы менш, чым намечана ў 2023 годзе. Звыш $300 млн выдзяляецца на «процідзеяньне ўплыву Расеі», у тым ліку на падтрымку «энэргетычнай незалежнасьці і эканамічнай стабільнасьці» краін, «якія знаходзяцца пад ціскам» РФ.

Аб выкарыстаньні арыштаваных у ЗША расейскіх актываў для фінансавай дапамогі Ўкраіне казаў падчас свайго візыту ў Вашынгтон прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Ён падзякаваў за ўжо перададзеную зброю і падкрэсьліў, што яе яшчэ недастаткова для перамогі, а таксама заклікаў ЗША ўзмацніць санкцыйны ціск на Расею. Фінансавую дапамогу, якую ЗША аказваюць Ўкраіне, на думку Зяленскага, ня трэба разглядаць як дабрачыннасьць, таму што яна зьяўляецца інвэстыцыямі ў свабоду і будучы росквіт усяго свабоднага сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, як цягам некалькіх месяцаў рыхтавалі візыт Зяленскага ў ЗША

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.