Джо Байдэн нагадаў, што Ўкраіна змагла выбіць расейскія войскі з Кіеўскай вобласьці, Харкаўскай вобласьці і часткі Херсонскай вобласьці. Пры гэтым ён заявіў, што расейскі прэзыдэнт не дэманструе гатовасьці спыніць вайну.
«Украіна на кожным кроку разбурала чаканьні Расеі. Прэзыдэнт Зяленскі, вы ясна далі зразумець, што гатовыя дамагацца справядлівага міру. Мы таксама ведаем, што Пуцін ня мае намеру спыніць гэтую жорсткую вайну. І ЗША маюць намер даць мужнаму ўкраінскаму народу магчымасьць працягваць абараняць сваю краіну ад расейскай агрэсіі столькі, колькі спатрэбіцца», — сказаў ён.
Байдэн падзякаваў Кангрэсу за законапраект аб дзяржаўных выдатках, які прадугледжвае дадатковае фінансаваньне 45 мільярдаў даляраў на патрэбы Ўкраіны.
«Таксама я падпісваю законапраект аб абароне, які палегчыць Міністэрству абароны закуп важных боепрыпасаў і абаронных матэрыялаў для Ўкраіны», — адзначыў ён.
Перад гэтым прэзыдэнт ЗША ў сваёй прамове назваў супраціў Украіны расейскай агрэсіі «часткай чагосьці значна большага».
«Амэрыканцы ведаюць, што, калі мы будзем стаяць убаку ад гэтага нахабнага нападу на свабоду і дэмакратыю і ключавыя прынцыпы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці, сьвет напэўна пабачыць горшыя наступствы», — сказаў Байдэн.
Выступаючы на брыфінгу, Уладзімір Зяленскі падсумаваў вынікі размовы з Джо Байдэнам.
«Галоўнае пытаньне ўсіх маіх сёньняшніх перамоваў — умацаваньне Ўкраіны, гэта наступны год, гэта рух да перамогі ў вайне за незалежнасьць. У нас ёсьць выдатныя навіны, зь якімі я вяртаюся дадому. Сёньня прэзыдэнт Байдэн анансаваў новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на суму каля двух мільярдаў даляраў. Самы моцны элемэнт гэтага пакета — комплекс Patriot. Тое, што істотна ўмацуе нашу абарону. Гэта важны крок у стварэньні эфэктыўнага паветранага шчыта для Ўкраіны», — сказаў ён на брыфінгу па выніках перамоваў з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.
Уладзімір Зяленскі назваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «чалавекам з хворым стаўленьнем да сьвету».
«У 2019 годзе ў нас была „нармандзкая сустрэча“. Тады мы накіравалі Пуціну максымум мэсыджаў, каб ні ў якім разе не было поўнамаштабнага ўварваньня, каб спыніць агрэсію, аднавіць нашу тэрытарыяльную цэласьць, каб знайсьці дыпляматычнае паразуменьне. Ён казаў, што гэтага ніколі ня будзе. Казаў усім. Ён усім хлусіў. Якія мэсыджы вы можаце яму накіраваць пасьля таго, як ён атруціў наша цывільнае жыцьцё і бачыць сябе, мяркуючы зь яго мэсыджаў... пасьля Ўкраіны ён кажа, што мы можам пайсьці далей, дзе раней была магутная прысутнасьць Савецкага Саюзу. Нашто чалавеку, я лічу, з хворым стаўленьнем да сьвету, абсалютна неадэкватным, нашто яму слаць мэсыджы?» — сказаў Зяленскі на брыфінгу пасьля перамоваў з Байдэнам.
Байдэн і Зяленскі правялі двухбаковую сустрэчу, якая доўжылася каля трох гадзін. Таксама чакаецца, што прэзыдэнт Украіны выступіць перад Кангрэсам ЗША. Візыт у Вашынгтон — першая замежная паездка Ўладзіміра Зяленскага з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.