Уладзімір Зяленскі: «Расейскія войскі робяць усё, каб у Бахмуце не засталося ніводнай цэлай сьцяны»

Пасланьне расейскім вайскоўцам ад жыхароў горада Бахмут Данецкай вобласьці

Прэзыдэнт Украіны заявіў, што ўкраінскія войскі працягваюць стрымліваць наступ расейцаў пад Бахмутам і папрасіў у замежных партнэраў сучасных сыстэм СПА.

У цяперашні час «бахмуцкі кірунак зьяўляецца ключавым», заявіў Уладзімір Зяленскі. Паводле яго, нягледзячы на тое, што расейскія вайскоўцы робяць усё, каб у Бахмуце «не засталося ніводнай цэлай сьцяны», украінскія вайскоўцы ўтрымліваюць горад.

«Запароская вобласьць, Херсоншчына, увогуле поўдзень — мы паступова зьніжаем патэнцыял акупантаў. Мінус склады, мінус матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне расейскай арміі», — дадаў Зяленскі.

Ён таксама назваў прыярытэтам супрацьпаветраную абарону і зьвярнуўся да партнэраў Украіны.

«Паважаныя партнэры. Дапамагаючы нам цалкам абараніць наша неба, забясьпечваючы нас больш сучаснымі сыстэмамі супрацьпаветранай абароны ў дастатковай колькасьці, вы можаце пазбавіць тэрарыстычную дзяржаву яе галоўнага інструмэнту — тэрору. Гэта будзе адзін з самых магутных крокаў, які наблізіць канец агрэсіі. Расеі давядзецца ісьці па шляху спыненьня агрэсіі, калі яна ўжо ня зможа ісьці па шляху ракетных удараў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскае камандаваньне: На сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будзе абмяркоўвацца прыцягненьне беларускай арміі да апэрацыі на сушы

Апошнім часам расейскі бок ніяк не камэнтуе сытуацыі пад Бахмутам, у пачатку сьнежня Мінабароны РФ заявіла аб «пасьпяховых наступальных дзеяньнях» пад горадам.

Бахмут (з 1924 па 2016 — Арцёмаўск) — адзін з найбуйнейшых гарадоў Данецкай вобласьці. Некалькі месяцаў запар расейскае войска спрабуе захапіць яго штурмам. Горад знаходзіцца пад кантролем украінскіх уладаў. Апошнім часам бахмуцкі кірунак называюць адным з самых жорсткіх на фронце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі: расейскія войскі «фактычна зруйнавалі» Бахмут