Лукашэнка пра новы закон аб палітычных партыях: «Трэба ачысьціцца ад выпадковых спадарожнікаў»

Зьезд Аб'яднанай грамадзянскай партыі бязь лідэра Мікалая Казлова, якога ўлады асудзілі. Лістапад 2022 г.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі змогуць разьвівацца толькі тыя палітычныя партыі, якія адпавядаюць «асноўным прынцыпам унутранай і вонкавай палітыкі».

«Што тут незразумела і што тут няправільна? Курс ёсьць, ён выпрацаваны. Калі ласка, давайце рэалізоўваць. У палітычных партыяў ёсьць дастатковы люфт, каб прапанаваць тыя ці іншыя шляхі», — цытуе агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку, які 13 сьнежня праводзіць нараду аб прывядзеньні асобных законаў у адпаведнасьць з абноўленай Канстытуцыяй.

Лукашэнка дадаў, што палітычныя партыі могуць быць прадстаўленыя «шырокім спэктрам — ад левых да правых».

«У гэтым я нічога ня бачу дрэннага. Але адданасьць краіне, дзейнічаць ад грамадзян, ад нашага насельніцтва, ад беларусаў — абавязак любой партыі», — адзначыў ён.

Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі зьявяцца «новыя патрыятычныя партыі». «Адначасова адбудзецца ачышчэньне ад выпадковых спадарожнікаў», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Партыі, якія «нясуць шкоду», маюць замежныя грошы і заснавальнікаў ці сяброў не ў Беларусі, прапануюць зьліквідаваць