Выведка Ўкраіны: Уступленьне Беларусі ў вайну стане для яе самагубствам

Украінскі вайсковец каля мяжы зь Беларусьсю

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у эфіры тэлеканалу Freedom пракамэнтаваў чуткі аб магчымым уступленьні беларускіх войскаў у баявыя дзеяньні.

На думку Юсава, такую інфармацыю распаўсюджваюць знарок.

«Мы бачым розныя мэты. З аднаго боку, пасеяць паніку сярод насельніцтва, сярод украінцаў, у тым ліку жыхароў прымежных раёнаў і вобласьцяў. І дэзарыентаваць украінскія сілы абароны, разгрупаваць сілы, перакінуць сілы зь іншых кірункаў. Ну і таксама аб’ектам і мэтамі гэтай спэцыяльнай псыхалягічнай інфармацыйнай апэрацыі ёсьць сама Беларусь і беларусы, гэта значыць нагнятаньне. Зрабіць так, каб заіскрыла, і ўсё ж уцягнуць саму Беларусь у поўнамаштабную вайну, чаго да гэтага моманту не было», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Узброеныя сілы Ўкраіны заклікалі беларусаў не дапусьціць уцягваньня Беларусі ў вайну і папярэдзілі аб правакацыях Расеі

Пры гэтым Юсаў лічыць, што найбліжэйшым часам уцягваньне Беларусі ў наземную апэрацыю малаімавернае.

«Мы не гаворым аб тым, што ад рэжыму Лукашэнкі няма пагрозы. Яна ёсьць: Лукашэнка дапамагае Пуціну і зброяй, і боепрыпасамі, і бранятэхнікай. Ён дае сваю паветраную прастору для ўдараў па Ўкраіне, але казаць аб тым, што найбліжэйшым часам адбудзецца поўнамаштабнае ўварваньне і ўцягваньне Беларусі ўжо ў наземную апэрацыю, сёньня мы ня можам».

Пытаньне магчымага ўдзелу беларускіх войскаў у баявых дзеяньнях дастаткова рэгулярна абмяркоўваецца ва ўкраінскіх СМІ. Цяпер яму надаюць больш увагі на фоне сьмерці міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністэрства абароны Расеі заявіла пра «інтэнсіўную баявую падрыхтоўку» сваіх вайскоўцаў у Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інстытут вывучэньня вайны лічыць малаверагодным уступленьне беларускай арміі ў вайну з Украінай