Раней Украіна заявіла пра небясьпеку новага ўварваньня Расеі празь Беларусь і пачала ўмацоўваць паўночныя межы.
«На палігонах у Рэспубліцы Беларусь адмыслоўцы войскаў сувязі, РЭБ і інжынэрных падразьдзяленьняў Заходняй вайсковай акругі працягваюць курс інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі», — напісала расейскае Міністэрства абароны.
Заняткі па баявой падрыхтоўцы і баявым зладжваньні падразьдзяленьняў Заходняй вайсковай акругі праводзяцца ў дзённы і начны час.
У Мінабароны Расеі дадалі, што вайскоўцы на палігонах удасканальваюць стральбу са штатнай зброі, кіраваньне баявых машын, праходжаньне псыхалягічнай паласы перашкод, вывучэньне навыкаў тактычнай мэдыцыны і іншыя дысцыпліны.
У Беларусі разгорнуты некалькі цэнтраў, дзе навучаюцца расейскія вайскоўцы. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».
Што тычыцца чутак пра мабілізацыю ў Беларусі, то 15 лістапада Мінабароны Беларусі заявіла, што вайсковыя камісарыяты не рыхтуюць мабілізацыйных позваў, але «да канца году выклічуць усіх вайсковаабавязаных». Інстытут вывучэньня вайны лічыць малаверагодным уступленьне беларускай арміі ў вайну з Украінай.
Міністэрства абароны Ўкраіны раней заяўляла пра небясьпеку новага ўварваньня расейцаў зь беларускай тэрыторыі, як гэта ўжо было ў канцы лютага. Галоўнае ўпраўленьне выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Ўкраіны 20 лістапада паведаміла, што «найбліжэйшым часам на тэрыторыі Беларусі плянуецца правядзеньне шэрагу тэрактаў — штучна справакаваных тэхнагенных катастроф на аб’ектах крытычнай інфраструктуры».
На думку ўкраінскіх выведнікаў, адна з галоўных мэт — Беларуская АЭС у Астравецкім раёне Горадзенскай вобласьці, разьмешчаная непадалёк ад мяжы зь Літвой.