У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі пачалася падтрымка прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Шэрагу дрэваапрацоўчых заводаў выдзелілі крэдыты агульнай сумай больш як на 1 мільярд даляраў.
На гэтую галіну ўлады мелі пэўныя надзеі. 2 сакавіка 2022-га Эўразьвяз увёў санкцыі ў адносінах да беларускай драўніны і прадуктаў зь яе. Краінам ЭЗ, згодна з санкцыямі, трэба было да 4 чэрвеня выканаць усе кантракты зь беларусамі і не падпісваць новых.
Летась на пастаўках дрэва і прадукцыі дрэваапрацоўкі ў ЭЗ Беларусь зарабіла 3,2 мільярда даляраў. Глядзім, што адбываецца са сфэрай цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці сканфіскуе Эўразьвяз маёмасьць сяброў Лукашэнкі? — тлумачыць палітоляг Казакевіч«Па грашах на 15% менш»
Супрацоўнік адной зь дзяржаўных кампаній, якая займаецца дрэвам, расказаў Свабодзе, як санкцыі паўплывалі на яго працу.
«Тое, што раней прадавалі ў Эўропу, цяпер ідзе ў Расею і краіны, пра якія я нават ня чуў. Азія ў асноўным. Таксама ў Іран ёсьць пастаўкі. Скарачэньняў сярод пэрсаналу няма, проста працуем больш, бо пастаўкі сталі таньнейшымі», — расказвае суразмоўца.
Па яго словах, таксама зьнізіліся і выплаты супрацоўнікам.
«Зрэзалі некаторыя даплаты, выходзіць на 15% менш у сярэднім. Але гэта ня кожны месяц так. У адзін зь месяцаў было на 50% меней, але гэта таму, што 4 зьмены з 15 прастойвалі», — гаворыць ён.
Іншы суразмоўца, які працуе на адным з дрэваапрацоўчых заводаў у невялікім горадзе, расказаў Свабодзе, што «апошнім часам нічога на прадпрыемстве не зьмянілася».
«Заробак застаўся той жа, у нас зарабляюць у межах 900-1800 рублёў. Залежыць да цэха. Для нашага горада гэта вялікі заробак, таму за працу трымаюцца. Умовы такія самыя засталіся. Горш стала з пастаўкамі прадукцыі: склады забітыя. У асноўным прадаюць на Усход дошкі; куды дакладна, я ня ведаю. Зьмены не скарачаліся ў нас, нікога з супрацоўнікаў не скарачалі», — гаворыць суразмоўца.
Яшчэ адзін супрацоўнік прыватнай кампаніі, якая займалася пастаўкамі беларускай драўніны і вырабаў зь яе ў Эўропу, кажа, што «бізнэс наагул будзе згортвацца».
«Працавалі на Эўропу. Нідэрлянды ў апошні час. Вазілі туды расьпілаваную драўніну ўласнай вытворчасьці. Апошняя пастаўка пайшла ад нас у сакавіку. Грошай за яе так і не атрымалі. Афіцыйна тлумачаць, бо мы пад санкцыямі і рух грошай у наш бок забаронены. Неафіцыйна растлумачылі, што суагрэсарам аплата не паложаная. Іншыя кампаніі ў тым рэгіёне працаваць з намі баяцца. Згортваем бізнэс у Беларусі. Добра, калі без даўгоў», — расказвае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Качанава пахваліла нацпарк «Прыпяцкі» за дрэваапрацоўку. Эколягі лічаць, што парк знаходзіцца пад пагрозайЯкія заробкі ў дрэваапрацоўцы
Глядзім, якія заробкі прапануюць на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. Напрыклад, паводле сайту «Віцебскдрэва», прадпрыемства мае больш за два дзясяткі вакансіяў. Машыністу бульдозэра прапануюць 800 рублёў на месяц. Гэта ўдвая менш, чым сярэдні заробак па Беларусі за кастрычнік. Машыністу лесанарыхтоўчай машыны гатовыя плаціць 2000 рублёў, трактарысту — 700 рублёў, вальшчыку лесу — 1000, вядучаму інжынэру-мэханіку — 1200.
На «Барысаўдрэве» 1,5 дзясятка вакансій. Кіроўцу прапануюць 1200-1300 рублёў на месяц, шліфоўшчыку 1500-1700 рублёў, інжынэру-тэхнолягу — 1200 рублёў, майстру — 1500 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
За 3 гады страты заводу вырасьлі ў 27 разоў. Што з прадпрыемствамі, якімі апекаваўся ЛукашэнкаЯк зарабляюць прадпрыемствы
«Магілёўдрэў»
Чысты прыбытак за мінулы год — 305 тысяч рублёў, за 2020 год — мінус 1,5 мільёна. Завод мае 81 мільён даўгоў у кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах, вынікае са справаздачнасьці за 2021 год (дакумэнты маюцца ў рэдакцыі).
«Рэчыцадрэў»
Прыбытак за мінулы год — 407 тысяч рублёў, за пазамінулы — мінус 1 мільён рублёў. Даўгі — 467 мільёнаў рублёў.
Мазырскі ДАК
Прыбытак за мінулы год 2,5 мільёна рублёў. За 2020 год — мінус 9 мільёнаў. Доўгатэрміновыя крэдыты — 243 мільёны рублёў.
«Мастоўдрэў»
Гадавы прыбытак за 2021 год — 75 тысяч рублёў, у 2020 годзе — 1,6 мільёна рублёў. Завод мае крэдытаў на 308 мільёнаў рублёў.
«Барысаўдрэў»
Чыстыя страты «Барысаўдрэва» за мінулы год — 125,7 мільёна рублёў, за 2020 год — 10,1 мільёна рублёў, за 2019 год страты складалі 4,5 мільёна рублёў. Значыць, за тры гады страты вырасьлі амаль у 30 разоў.
Страты былі таксама па выніку 2018 году (17,1 мільёна рублёў) і па выніку 2017 году (11,1 мільёна рублёў). Такім чынам, завод 5 гадоў працуе са стратамі.
«Івацэвічдрэў»
«Івацэвічдрэў» зарабіў летась 2,5 мільёна рублёў, але даўгі заводу (як доўгатэрміновыя, так і кароткатэрміновыя) складаюць звыш 231 мільёна рублёў. Гэта ў 92 разы больш за штогадовы прыбытак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«На якую халеру было лезьці ва Ўкраіну? Нармалёва ж жылі». Пра што маўчаць беларускія чыноўнікіШто з пастаўкамі цяпер
За 8 месяцаў гэтага году беларускага дрэва і прадуктаў зь яго ў ЭЗ купілі на 638 мільёнаў эўра. Прычым з пачатку году аб’ёмы значна зьнізіліся — са 107 мільёнаў у студзені да 443 тысяч у жніўні, што азначае падзеньне ў 242 разы. Гэта якраз зьвязана з санкцыямі і прыпыненьнем кантрактаў.
Напрыклад, Аўстрыя і Бэльгія зусім перасталі купляць беларускую драўніну і прадукты зь яе да чэрвеня. Хаця яшчэ ў студзені 2022-га Бэльгія купіла драўніны ў Беларусі на 3 мільёны эўра.
У жніўні, паводле Эўрастату, беларускую драўніну ўсё яшчэ куплялі наступныя краіны:
- Нямеччына — на 19 тысяч эўра;
- Гішпанія — на 530 эўра;
- Францыя — на 121 тысячу эўра;
- Літва — на 240 тысяч эўра;
- Латвія — на 28 тысяч эўра;
- Польшча — на 33 тысячы эўра;
- Партугалія — на 51 эўра.
Экспарт у краіны СНД зь Беларусі за 9 месяцаў гэтага году склаў 18,1 мільярда даляраў. Летась за такі ж пэрыяд — 18,3 мільярда даляраў. Асноўны пакупнік беларускіх тавараў у СНД — Расея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: «сьляпы кат» ці «пільны хірург»? Дыскусія былых дыпляматаў