Пра ўсё гэта Валер расказаў Свабодзе.
«У Херсоне вырашылі заставацца прынцыпова»
Валер Камагораў паходзіць з Брагінскага раёну, вучыўся ў Магілёве. У 2015 годзе пераехаў ва ўкраінскі Херсон да сваёй колішняй дзяўчыны, зь якой пазьней узяў шлюб. Меў невялікую краму тавараў для рыбалкі, адпачынку і турызму. Апошні раз у Беларусі Валер быў у 2016 годзе.
«Больш ня езьдзіў, бо ведаеце, што там адбывалася. Больш за трох не зьбірацца, гэты ўсялякі маразм і трызьненьне. Я яшчэ ў 2015 годзе пасьля выбараў трапляў там у замес, таму і ня езьдзіў на радзіму», — кажа Валер.
Валер Камагораў
У 2021 годзе беларус разьвёўся. Пачаў працаваць у рамонце ноўтбукаў і тэлефонаў.
«Пасьля пачатку вайны я прынцыпова застаўся ў Херсоне. Бо тут былі людзі, якія патрабавалі маральнай і фінансавай падтрымкі. Спачатку мы дапамагалі тэрытарыяльнай абароне — калі расейцы спрабавалі захапіць Херсон, будавалі барыкады. Потым каардынавалі разам зь іншымі праўкраінскія мітынгі, малявалі плякаты. Таксама валянтэрылі, дапамагалі бабулькам з прадуктамі і лекамі», — кажа беларус.
«Займаліся ўсімі відамі партызанскай дзейнасьці»
Валер расказвае, што пад акупацыяй ён і група актывістаў займаліся партызанскай дзейнасьцю.
«Рознай. Прабівалі колы ў тэхніцы акупантаў. Залівалі салярку замест бэнзіну, дадавалі цукар у паліва. І так псавалі ім тэхніку. Здавалі іх пазыцыі», — кажа беларус.
Калі людзей у Херсоне расейцы пачалі масава затрымліваць, нават па дзясятку чалавек у дзень, весьці такую дзейнасьць стала небясьпечна, расказвае Камагораў. Тады Валер са сваёй цяперашняй дзяўчынай Вольгай вырашылі здымаць патрыятычныя праўкраінскія відэа для TikTok.
«Па сутнасьці, у нас засталася такая „група“ — я, Вольга і яшчэ адна жанчына. Вось нас нехта здаў і 24 жніўня мы ўтраіх трапілі ў палон», — кажа Валер.
Па словах беларуса, іх «бралі» расейскія вайскоўцы, супрацоўнікі ФСБ, ваенная паліцыя і мясцовыя калябаранты.
«Мяне адразу стукнулі прыкладам у галаву, потым чатыры гадзіны білі пасьля затрыманьня, на вуліцы. Добра, што я пачысьціў да гэтага інтэрнэт, перапіскі. Бо было б горш. Так толькі засталася інтэрнэт-актыўнасьць у Tiktok», — кажа беларус.
«Абяцаў маці, што выжыву»
Пры затрыманьні расейцы ўбачылі ў пакоі Валера бел-чырвона-белы сьцяг.
«Гэта іх моцна раззлавала. Яны крычалі, што я за Ціханоўскую, усяляк абражалі, з цэнзурнага было хіба „шпіён, здраднік, пацук“. Крычалі, што „у нас жа саюзная дзяржава, мы ж братэрскі народ, чаго ты „ўкропам“ прадаўся?“. Крычалі: „Што, ты сабе ў Гомлі дзеўку ня мог знайсьці?“», — кажа Валер.
Валер Камагораў зь сяброўкай Вольгай
Яго, дзяўчыну і жанчыну з «групы» прывезьлі «на падвал», які быў у цэнтры Херсону і які пасьля вызваленьня здымала Служба бясьпекі Ўкраіны.
«Там нас і трымалі. Вольгу і нашу жанчыну адпусьцілі пасьля 11 дзён „на падвале“. Вольга захварэла там на ангіну і не магла гаварыць. Жанчыне ж зрабілася блага. Мне стала лягчэй, калі іх вызвалілі. Гэта надало мне сіл перанесьці ўсе выпрабаваньні. Тым больш я абяцаў маці, што выжыву», — кажа беларус.
Падвал
«Білі токам, палохалі артыкуламі за тэрарызм і шпіянаж»
Як расказвае беларус, штодзень з 6 раніцы да 12 дня былі допыты і біцьцё.
«Выбівалі паказаньні, каб прызнаўся, хто ў горадзе партызаніў, хто маляваў украінскія стужкі. Прасілі: „Здай якога тлустага камэрсанта, які за Ўкраіну“. Палохалі праблемамі ў сваякоў, пагражалі дэпартацыяй. Білі токам. Пагражалі, што „прышыюць“ тэрарызм, экстрэмізм і шпіянаж. Пасьля, з 27 верасьня, адправілі за горад капаць акопы, магілы. Каму тыя магілы былі, я ня ведаю», — кажа Валер.
На капаньні акопаў беларус пазнаёміўся з мабілізаванымі з так званай «ДНР». «Там былі тыя, каго пасьпелі загрэбці. Студэнты, сталявары. Яны і самі не хацелі ваяваць. Але ім не было куды дзецца. Казалі, што расейцы называюць іх „аднаразовымі“. Ад іх хоць было нармальнае стаўленьне. Бо пасьля падвалу ў мяне былі і рэбры паламаныя, і зубы выбітыя, і праблемы са здароўем. Але жывы — гэта галоўнае», — успамінае Валер.
Начаваў ён і іншыя затрыманыя ў хляве з заваранымі вокнамі і дзьвярамі.
«Там было трохі лепш, чым у падвале. Хоць нейкія матрацы валяліся на падлозе. Бо ў падвале начавалі на голым бэтоне. У падвале маглі і тыдзень не карміць, даць якой недаваранай грэчкі жменю. Камэры ў падвале былі перапоўненыя, трамбавалі па 7-8 чалавек», — прыгадвае Валер.
Валер Камагораў
«Добра, што выжыў і нікога ня здаў»
Валер кажа, што 24 кастрычніка да яго падышоў ахоўнік і сказаў, што ёсьць загад адпусьціць яго «на чатыры бакі». Але мне параілі пасядзець да раніцы, бо пастоў жа ніхто не зьняў і «маглі прыстрэліць».
«Галоўнае, што выжыў і ня здаў нікога. У мяне ж былі сувязі з вайскоўцамі, з тэрабаронай. А расейцы дапытваліся, дзе пазыцыі вайскоўцаў, дзе ў горадзе жывуць былыя вайскоўцы і паліцыянты», — кажа беларус.
Валер расказвае, што сьвятла ў Херсоне пакуль няма, але ўжо ёсьць вада. Пачасьціліся абстрэлы.
«Усе спадзяюцца, што расейцы сюды ня вернуцца. Нават калі ў горад заходзілі нашы, украінскія вайскоўцы, многія пабаяліся выходзіць з дамоў. Думалі, нейкая правакацыя. Потым ужо адважыліся, выскачылі. Цяпер у горадзе яшчэ вылоўліваюць калябарантаў, праводзяць фільтрацыю. Бо рэальна многія дапамагалі акупантам, перайшлі на іхны бок. Мы застаёмся ў Херсоне. Трымаем абарону!» — дадаў Валер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пасьля сёньняшняй ночы з 20 ракетамі нашым нікому нічога не дадуць». Беларусы ва Ўкраіне па-ранейшаму маюць праблемы зь легалізацыяйГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне беларускай валянтэрцы з Бучы адмовілі ў выдачы часовага дазволу на жыхарстваВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.