Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што задакумэнтавалі дзясяткі тысяч сэксуальных злачынстваў расейцаў супраць украінцаў
Як паведамілі ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны, аб гэтым Юлія Лапуціна паведаміла на форуме «Украіна 2022: жанчыны, мір, бясьпека», на якім адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму аб сэксуальных злачынствах расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.
«Цяпер мы задакумэнтавалі дзясяткі тысяч сэксуальных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў супраць украінцаў, як жанчын, гэтак і мужчын. Але, на жаль, колькасьць зваротаў ахвяр такіх злачынстваў да праваахоўных органаў дагэтуль зьяўляецца нязначнай. Гэта тлумачыцца ня толькі гібельлю ахвяр гвалту, часта ўчыненага непрыродным спосабам, з асаблівай жорсткасьцю. Як паказвае досьвед, людзі, супраць якіх было зьдзейсьнена сэксуальнае злачынства, баяцца ўспамінаць перажыты жах і не гатовыя расказваць пра тое, што адбылося», — сказала Юлія Лапуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вызначылі асобы пяцярых украінскіх дзяцей, якіх згвалтавалі расейскія вайскоўцы, — генпракурор УкраіныПрэм’ера фільма адбылася для вузкага кола экспэртаў і спэцыялістаў. У ім былі выкарыстаныя ня толькі сьведчаньні ахвяр і сьведак згвалтаваньняў у Бучы, Ірпяні і іншых гарадах Украіны, а і перададзеныя Службай бясьпекі Ўкраіны перахопленыя тэлефонныя размовы расейскіх вайскоўцаў з сваякамі, у якіх тыя заклікалі гвалціць украінак. У стужцы таксама працытавалі цынічныя выказваньні вышэйшага кіраўніцтва расейскай дзяржавы з такім самым падтэкстам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўрапарлямэнт абвясьціў Расею дзяржавай — спонсарам тэрарызмуЭкспэрты мяркуюць, што за гэтыя дзеяньні трэбу судзіць ня толькі тых, хто рабіў сэксуальныя злачынствы, а і тых, хто аддаваў наказы і заахвочваў асабовы склад да такой жорсткасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расьсьледаваньне: катаваньні цывільных у Кіеўскай вобласьці былі загадам расейскага камандаваньня, а не ініцыятывай салдатаўУ пачатку лістапада Юры Белавусаў, кіраўнік дэпартамэнту расьсьледаваньня ваенных злачынстваў Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, паведаміў, што сьледчыя пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны задакумэнтавалі 110 злачынстваў, зьвязаных з сэксуальным гвалтам, учыненым расейскімі вайскоўцамі супраць цывільных украінскіх грамадзянаў. Апроч таго, сьледчыя змаглі ідэнтыфікаваць больш як 200 расейскіх вайскоўцаў, якіх завочна абвінавацілі ў гвалце над украінскімі грамадзянамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як пад Кіевам дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы вайны для трыбуналу над Расеяй і БеларусьсюВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.