ААН расказала пра катаваньні палонных у вайне Расеі з Украінай

Абмен палоннымі

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека абвінаваціла бакі вайны ва Ўкраіне ў катаваньнях палонных. Інфармацыя зьмяшчаецца ў дакладзе, абнародаваным 15 лістапада.

Складальнікі справаздачы апыталі 159 украінцаў, якія былі ў палоне, у тым ліку 20 жанчын, і 175 расейцаў. З украінскімі палоннымі супрацоўнікі ААН размаўлялі толькі пасьля іх вызваленьня, бо Расея не дала доступу да палонных падчас іх зьняволеньня.

Паводле зьвестак ААН, і ўкраінскія, і расейскія палонныя паведамілі пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чулі, як абмотваюць плёнкай труп: перастараліся на допыце». У Херсоне знайшлі дзясяткі сьведчаньняў ваенных злачынстваў Расеі

Украінскія вайскоўцы расказалі, што іх пасьля здачы ў палон Расеі білі. У іх забіралі асабістыя рэчы. Да месцаў утрыманьня іх перавозілі ў перапоўненых грузавіках ці аўтобусах, часта зьвязанымі скотчам і бяз доступу да вады.

У месцах інтэрнаваньня ўкраінцаў білі пры прыёме. Відавочцы расказалі супрацоўнікам ААН пра сьмерць сама меней аднаго ваеннапалоннага ў калёніі ў Аленаўцы Данецкай вобласьці ў красавіку. Складальнікі дакладу паведамляюць, што яны атрымалі зьвесткі пра восем падобных сьмерцяў і цяпер займаюцца іх праверкай.

Падчас утрыманьня пад вартай палонных украінскіх вайскоўцаў, паводле іх слоў, катавалі токам, наносілі раненьні нажом, білі дручкамі і драўлянымі малаткамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ў рамках абмену вярнула з палону 108 жанчын

Апытаныя жанчыны з калёніі ў Аленаўцы кажуць, што ад фізычнага гвалту не пацярпелі, але зазнавалі псыхалягічныя пакуты, калі чулі крыкі палонных мужчын.

Жанчыны, якія ўтрымліваліся ў іншых месцах, расказалі пра зьбіцьцё, катаваньні токам і пагрозы сэксуальным гвалтам. Іх таксама прымушалі перамяшчацца аголенымі з аднаго пакоя ў іншы ў прысутнасьці ахоўнікаў-мужчын.

Усе ўкраінскія палонныя расказалі пра перапоўненыя камэры, дрэнныя санітарна-гігіенічныя ўмовы, недахоп ежы і вады. Некаторыя зь іх страцілі да чвэрці сваёй вагі. Многія часта трацілі прытомнасьць у палоне, гаворыцца ў дакладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Катавалі токам, вырывалі пазногці, адразалі геніталіі. На Харкаўшчыне знайшлі 22-ю катоўню, дзе расейцы зьдзекаваліся з украінцаў

Складальнікі дакладу таксама задакумэнтавалі выпадкі катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з расейскімі вайскоўцамі — пераважна падчас узяцьця ў палон, першых допытаў або перамяшчэньняў у транзытныя лягеры і месцы інтэрнаваньня.

У асобных выпадках расейскім вайскоўцам або ўдзельнікам прарасейскіх фармаваньняў наносілі ўдары нажом, іх білі токам.

Расейскіх палонных, часта распранутых і зьвязаных, перавозілі ў перапоўненых грузавіках і мікрааўтобусах, а на блёк-пастах дазвалялі ўкраінцам весьці здымку. Кадры потым распаўсюджваліся ў інтэрнэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расьсьледаваньне: катаваньні цывільных у Кіеўскай вобласьці былі загадам расейскага камандаваньня, а не ініцыятывай салдатаў

Супрацоўнікі ААН паведамляюць, што атрымалі дакладныя сьцьвярджэньні аб адвольных пакараньнях украінскім бокам асоб, якія ўжо спынілі ўдзел у ваенных дзеяньнях.

Складальнікі дакладу заклікалі абодва бакі канфлікту справядліва і бесстаронна расьсьледаваць парушэньні правоў ваеннапалонных.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.