Ціханоўская прыбыла зь візытам у Прагу, сустрэнецца з уладамі Чэхіі і беларускай дыяспарай
Сьвятлана Ціханоўская. Чэхія, Прага. 7 чэрвеня 2021 году
Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго візыту ў Прагу, які пачаўся сёньня і працягнецца да 18 лістапада, сустрэнецца, сярод іншых, з прэм’ер- міністрам Чэхіі Пэтрам Фіялам, старшынём Сэнату Мілашам Выстрчылам і беларускай дыяспарай.
Сьвятлана Ціханоўская наведвае Чэхію з афіцыйным візытам не ўпершыню. З 16 па 18 лістапада беларуская дэмакратычная лідэрка правядзе шэраг сустрэчаў з высокапастаўленымі асобамі краіны.
16 лістапада ў Ціханоўскай адбудуцца перамовы з прэм’ер-міністрам Чэхіі Пэтрам Фіялам, старшынём Сэнату Чэхіі Мілашам Выстрчылам (Miloš Vystrčil), віцэ-прэзыдэнтамі Сэнату, старшынямі сэнацкага камітэту замежных справў Паўлам Фішэрам (Pavel Fischer) і адукацыі Іржы Ружычкам ( Jiří Růžička).
Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, у Празе яна плянуе абмеркаваць «магчымыя дзеяньні Эўрапейскага зьвязу па абароне незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, дапамогу беларускім праваабаронцам, СМІ, палітычным уцекачам і студэнтам з Беларусі, а таксама беларускім добраахвотнікам і валянтэрам ва Ўкраіне».
Таксама Ціханоўская будзе ўдзельнічаць у канфэрэнцыі «Гібрыдная вайна Расеі супраць дэмакратычнага сьвету. Выклік эўрапейскай палітыцы памяці».
17 лістапада Ціханоўская разам з прэм’ер-міністрам Чэхіі, з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і літоўскім амбасадарам у Чэхіі Лайманасам Талат-Кялпшам (Mr. Laimonas Talat-Kelpša) будзе прысутнічаць на адкрыцьці выставы «Пад чужым небам: літоўцы ў савецкіх катаржных лягерах і ў ссылцы ў 1940–1958 гг.»
Таксама ў пляне Ціханоўскай інтэрвію шэрагу СМІ, у тым ліку беларускай службе Радыё Свабода, і сустрэчы зь беларускай дыяспарай.