Яўген Глушкоў жыве ў вёсцы Зябраўка Гомельскага раёну. Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны разьмяшчаюцца расейскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Жыхара Зябраўкі затрымалі праз падазрэньне ў шпіянажы на карысьць УкраіныКрыніца, блізкая да падзеяў, расказала Свабодзе падрабязнасьці пра затрыманага.
Яўген Глушкоў скончыў вэтэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у беларускім войску — у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спэцназе памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падразьдзяленьняў беларускага войска. Пасьля службы Глушкоў пэўны час жыў ва Ўкраіне (ягоныя бацькі — этнічныя ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі. — РС), граў там у музычным гурце. Акрамя гэтага, Глушкоў таксама жыў у Кітаі — у тым ліку падчас пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 году.
«Ён разарыўся ў Кітаі праз каранавірус, таму вярнуўся ў Беларусь. У яго нават нявеста была ў Кітаі, але нешта ў іх не сышлося. У Гомлі ён уладкаваўся на працу паводле спэцыяльнасьці, на вэтэрынарную станцыю. Працаваў сумленна, меў толькі падзякі ад гаспадароў хатніх гадаванцаў. Пра яго калегі і кліенты адзываліся выключна добра», — распавяла крыніца.
Яшчэ з часоў побыту ва Ўкраіне і Кітаі Яўген, з словаў суразмоўцы, меў шмат кантактаў з украінцамі.
«Калі ў ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі СМІ, то пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрону. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць. Наколькі я ведаю, „шыюць“ шпіянаж, а гэта — да 15 гадоў. Сваякі і знаёмыя Яўгена ў шоку ад сытуацыі», — дадала крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Прачнуліся ад выбухаў і сполахаў, думалі – вайна». Што вядома пра здарэньне на вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы пад ГомлемПра інцыдэнт, які здарыўся на ў ноч з 10 на 11 жніўня 2022 году на аэрадроме ў Зябраўцы, падрабязна пісала Свабода. Тады жыхары паўднёвых раёнаў Гомля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі сполахі на небе. Міністэрства абароны супакойвала беларусаў паведамленьнем пра тое, што «10 жніўня каля 23 гадзін у часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасьля праведзенай замены рухавіка адбылося загараньне».
Пазьней былі апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі інцыдэнту, на якіх бачныя сьляды выбуху на ўзьлётнай паласе вайсковага аэрадрому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як выглядае аэрадром Зябраўка пасьля выбухаў. ФОТАВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.