Прэзыдэнт Украіны: расейцы пакінулі пасьля сябе на Херсоншчыне такія ж зьверствы, як і ў іншых рэгіёнах

Уезд у Херсонскую вобласьць

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сьледчыя пракуратуры і паліцыі Ўкраіны на вызваленых тэрыторыях Херсонскай вобласьці задакумэнтавалі больш за 400 ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі.

«Знаходзяць целы забітых — і цывільных, і вайскоўцаў. На Херсоншчыне расейская армія пакінула пасьля сябе такія ж зьверствы, як і ў іншых рэгіёнах краіны, куды змаглі зайсьці. Знойдзем і прыцягнем да адказнасьці кожнага забойцу. Без сумневаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі 13 лістапада ў вечаровым відэазвароце да ўкраінцаў.

Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што ўкраінскія войскі вызвалілі ад расейцаў 226 паселішчаў у Херсонскай вобласьці.

Журналісты ўкраінскай службы Радыё Свабода знайшлі на мясцовых могілках у Херсоне прыкметы імаверных масавых пахаваньняў. На некаторых магілах датамі сьмерці пазначаны канец лютага — пачатак сакавіка 2022 году. Колькасьць пахаваных там людзей пакуль невядомая.

У той жа час першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Яўген Енін заявіў, што пакуль што заўчасна казаць аб выяўленых масавых пахаваньнях на тэрыторыі Херсонскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Херсонскай вобласьці пасьля вызваленьня ад расейцаў пачалі знаходзіць целы закатаваных людзей

11 лістапада офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што ў адным з вызваленых паселішчаў Берыслаўскага раёну Херсонскай вобласьці сьледчыя знайшлі парэшткі целаў людзей, ідэнтыфікаваць якіх пакуль немагчыма. Імаверна, людзі былі закатаваныя, бо першасны агляд паказаў, што ім пераламалі косткі чэрапа.

Ва Ўкраіне пасьля дэакупацыі паселішчаў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай вобласьцяў сьледчыя зафіксавалі больш як 40 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі супраць мірных жыхароў.

Сымбалем зьверстваў расейскіх вайскоўцаў стаў горад Буча Кіеўскай вобласьці, дзе, паводле папярэдніх ацэнак, загінулі ня менш за 400 грамадзян. Агулам у Кіеўскай вобласьці ўжо знайшлі целы больш як 1200 забітых цывільных асобаў.

Пазьней журналісты агенцтва Associated Press і праграмы Frontline правялі супольнае расьсьледаваньне падзеяў падчас расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці і прыйшлі да высновы, што жорсткія катаваньні і забойствы мірных жыхароў прадмесьцяў Кіева ў першыя дні вайны былі не ініцыятывай шараговых расейскіх салдатаў, а стратэгіяй іхнага камандаваньня на здушэньне любага супраціву «нацыяналістаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расьсьледаваньне: катаваньні цывільных у Кіеўскай вобласьці былі загадам расейскага камандаваньня, а не ініцыятывай салдатаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.