У Херсонскай вобласьці пасьля вызваленьня ад расейцаў пачалі знаходзіць целы закатаваных людзей

Украінскія войскі на вызваленых ад расейскай арміі тэрыторыях поўдня краіны, 10 лістапада 2022 г.

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што ў адным з вызваленых паселішчаў Берыслаўскага раёну Херсонскай вобласьці сьледчыя знайшлі рэшткі целаў людзей, ідэнтыфікаваць якіх пакуль немагчыма.

Рэшткі целаў трох мясцовых жыхароў, якія, імаверна, загінулі ў часе расейскай акупацыі, знайшлі ў сутарэньні аднаго з будынкаў. Першасны агляд паказаў, што ім пераламалі косткі чэрапа.

Рэшткі накіравалі на правядзеньне ДНК-экспэртызы. Праваахоўныя органы завялі крымінальную справу паводле ч.2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне законаў і звычаяў вайны). Справу расьсьледуе Херсонская абласная пракуратура.

Ва Ўкраіне пасьля дэакупацыі населеных пунктаў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей сьледчыя зафіксавалі больш як 40 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі супраць мірных жыхароў.

Сымбалем зьверстваў расейскіх вайскоўцаў стаў горад Буча Кіеўскай вобласьці, дзе, паводле папярэдніх ацэнак, загінулі ня менш за 400 грамадзян. Агулам у Кіеўскай вобласьці ўжо знайшлі целы больш як 1200 забітых цывільных асоб.

Пазьней журналісты агенцтва Associated Press і праграмы Frontline правялі супольнае расьсьледаваньне падзей падчас расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці і прыйшлі да высновы, што жорсткія катаваньні і забойствы мірных жыхароў прыгарадаў Кіева ў першыя дні вайны былі не ініцыятывай шараговых расейскіх салдатаў, а стратэгіяй іхнага камандаваньня на здушэньне любага супраціву «нацыяналістаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расьсьледаваньне: катаваньні цывільных у Кіеўскай вобласьці былі загадам расейскага камандаваньня, а не ініцыятывай салдатаў

Міністэрства абароны Ўкраіны пацьвердзіла вяртаньне Херсону пад кантроль украінскай улады 11 лістапада. Украінскія войскі вярнуліся ў горад, жыхары Херсона іх сустракалі з нацыянальнымі сьцягамі і кветкамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна вярнула кантроль над Херсонам, адзіным абласным цэнтрам, які расейцам удалося захапіць з 24 лютага. ФОТА, ВІДЭА