«Кінбурнская каса ўсё яшчэ акупаваная»: украінскія ўлады не пацьвердзілі вызваленьня ўсёй Мікалаеўскай вобласьці

Кінбурнская каса, Украіна

Мікалаеўская абласная адміністрацыя абвергла паведамленьне дэпутата і сакратара ўкраінскага парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай абароне і выведцы Рамана Кастэнкі аб «поўным вызваленьні» рэгіёну ад расейскіх войскаў.

«Кінбурнская каса — гэта таксама Мікалаеўская вобласьць і, на жаль, таксама пад акупацыяй. І наступствы гэтай акупацыі гэтага запаведніка будуць, на жаль, катастрафічныя. І, відаць, спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі, каб аднавіць гэты прыродны парк», — сказаў у камэнтары Радыё Свабода прэс-афіцэр Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Дзьмітро Плецянчук.

Увечары 10 лістапада дэпутат і сакратар парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай абароне і выведцы, які ўдзельнічае ў абароне Мікалаеўскай вобласьці зь першых дзён поўнамаштабнага ўварваньня, Раман Кастэнка заявіў, што Мікалаеўская вобласьць «цалкам вызваленая».

Па словах кіраўніка Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталя Кіма, цяпер «ніякія групы, дэлегацыі і журналісты не дапускаюцца ў вызваленыя вёскі».

«Выключнае права на відэаздымку цяпер маюць Узброеныя сілы Ўкраіны», — падкрэсьліў ён.

Кім таксама заклікаў жыхароў вызваленых населеных пунктаў не сьпяшацца вяртацца дадому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Amnesty International назвала дэпартацыі Расеяй украінцаў «злачынствамі супраць чалавечнасьці»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін апантаны вайной і будзе працягваць яе, пакуль трымае ўладу. Лукашэнку прымусяць далучыцца, — экспэрт Самарукаў