Арыштаваныя ва Ўкраіне беларускія вагоны перадалі Ўкраінскай чыгунцы і плянуюць іх нацыяналізаваць

Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік украінскага Бюро эканамічнай бясьпекі Вадзім Мельнік заявіў, што арыштаваныя на пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны беларускія і расейскія вагоны перададзеныя Ўкраінскай чыгунцы для выкарыстаньня.

«Арыштаваныя вагоны, якія належаць кампаніям з Расеі і Беларусі, ужо працуюць на карысьць украінскай дзяржавы. Згодна з судовымі рашэньнямі, імі распараджаецца „Укрзалізниця“. Вялікія партыі шкла, сканфіскаваныя ў прадпрыемстваў, падкантрольных беларусам і расейцам, ужо накіравалі на адбудаваньне зруйнаванай ворагам інфраструктуры. То бок ужо маем вынік гэтай працы: арыштаваныя сродкі і маёмасьць не ляжаць мёртвым грузам, а працуюць», — сказаў Вадзім Мельнік у інтэрвію ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».

Паводле яго, найбліжэйшым часам Вярхоўная рада Ўкраіны павінна ўхваліць законапраект, які дазволіць нацыяналізацыю арыштаванай беларускай і расейскай маёмасьці.

Вадзім Мельнік паведаміў, што кошт арыштаваных расейскіх і беларускіх актываў перавышае 44 мільярды грыўняў (1,1 мільярда даляраў у эквіваленце. — РС). Ён не ўдакладняе, якую частку з гэтай сумы складаюць беларускія актывы.

Паводле яго, нядаўна ўкраінская дзяржава атрымала 580 мільёнаў грыўняў (14,5 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС) у выніку продажу арыштаваных беларускіх угнаеньняў — больш як 2200 тон хлёрыстага калію і больш як 17,3 тысячы тон аміяку.

У верасьні кіраўнік Беларускай чыгункі Ўладзімер Марозаў заявіў, што пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыі Ўкраіны засталося сем тысяч беларускіх вагонаў, зь іх пяць тысяч належаць Беларускай чыгунцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску расказалі, колькі страцілі ад арышту ва Ўкраіне беларускіх вагонаў, і заявілі, што хочуць іх вярнуць

Праваахоўныя органы Ўкраіны з красавіка пэрыядычна выяўляюць на ўкраінскай тэрыторыі і арыштоўваюць беларускія вагоны, якія належалі Беларускай чыгунцы, «Беларуськалію», іншым беларускім кампаніям.

Ад пачатку расейскага ўварваньня, якое Беларусь падтрымала, даўшы сваю тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для расейскіх войскаў і абстрэлаў, ва Ўкраіне іх арыштавалі і перадалі ў кіраваньне структуры, якая займаецца абслугоўваньнем сканфіскаванай маёмасьці.

Разам з вагонамі арыштавалі і прадукцыю, якую яны перавозілі, — нафтапрадукты, мэтал, транспарт, угнаеньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня арыштавалі расейскія і беларускія актывы на $1,1 млрд

У большасьці выпадкаў арышт на вагоны наклалі ў рамках крымінальных справаў аб «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зрынаньня канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны».

Вядомы таксама выпадак, калі крымінальную справу завялі па факце наўмыснага ўхіленьня ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва вялікіх памерах. Праваахоўныя органы Ўкраіны выявілі схему паставак беларускіх угнаеньняў, калі іх завозілі быццам бы транзытам, але папраўдзе разгружалі і прадавалі на тэрыторыі Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.