Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску расказалі, колькі страцілі ад арышту ва Ўкраіне беларускіх вагонаў, і заявілі, што хочуць іх вярнуць


Чыгуначныя вагоны
Чыгуначныя вагоны

Кіраўнік Беларускай чыгункі Ўладзімір Марозаў заявіў, што пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыі Ўкраіны засталося сем тысяч беларускіх вагонаў, зь іх пяць тысяч належаць Беларускай чыгунцы.

«Цяпер вагоны маюць незразумелы статус. У нас ёсьць такая інфармацыя: быццам яны праходзяць у крымінальнай справе, як яны там перавозілі незразумела што, таму на іх наклалі арышт праваахоўныя органы Ўкраіны. Мы разумеем, што гэта далёка ня так і, пэўна, вагоны выкарыстоўваюць для перавозкі. Вагоны могуць удзельнічаць у розных падзеях. Пакуль афіцыйна ні Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны, ні Ўкраінская чыгунка на кантакт у гэтым пытаньні не выходзяць», — сказаў Ўладзімер Марозаў у эфіры тэлеканалу СТВ.

Паводле яго, ва Ўкраіне таксама засталіся тры грузавыя лякаматывы і лякаматыўныя брыгады, але пазьней беларускія спэцыялісты вярнуліся ў Беларусь праз Польшчу.

Уладзімер Марозаў таксама паведаміў, што на тэрыторыі Беларусі засталося каля 500 украінскіх вагонаў.

«Але яны ўсе падкантрольныя, не канфіскаваныя, мы іх бачым. Яны цяпер знаходзяцца на тэрыторыях прадпрыемстваў грузаатрымальнікаў або тых партнэраў, зь якімі працавалі. І два ўкраінскія лякаматывы», — дадаў ён.

Уладзімер Марозаў падкрэсьліў, што беларускія вагоны перавозілі прадукты нафтаперапрацоўкі, хімічныя ўгнаеньні, будаўнічыя і харчовыя прадукты.

«5 тысяч для Беларускай чыгункі — гэта амаль 900 мільёнаў рублёў. Гэта інфармацыя абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўніка дзяржавы . Гэтыя вагоны нам патрэбныя [...] для забесьпячэньня патрэбаў у перавозках», — адзначыў кіраўнік Беларускай чыгункі.

Праваахоўныя органы Ўкраіны з красавіка пэрыядычна выяўляюць на ўкраінскай тэрыторыі і арыштоўваюць беларускія вагоны, якія належалі Беларускай чыгунцы, «Беларуськалію» і іншым беларускім кампаніям. Ад пачатку расейскага ўварваньня, якое падтрымала Беларусь, даўшы сваю тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для расейскіх войскаў і абстрэлаў, ва Ўкраіне арыштавалі і перадалі ў кіраваньне структуры, якая займаецца абслугоўваньнем сканфіскаванай маёмасьці.

Разам з вагонамі арыштавалі і тую прадукцыю, якую яны перавозілі — нафтапрадукты, мэтал, транспарт, угнаеньні.

У большасьці выпадкаў арышт на вагоны накладзены ў рамках крымінальных спраў аб «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны».

Вядомы таксама адзін выпадак, калі крымінальную справу завялі па факце наўмыснага ўхіленьня ад аплаты падаткаў і збораў у асабліва вялікіх памерах. Праваахоўныя органы Ўкраіны выявілі схему паставак беларускіх угнаеньняў, калі іх завозілі ў рэжыме транзыту, але на самай справе яны разгружаліся і прадаваліся на тэрыторыі Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG