Сьцісла:
- Украіна ня можа як ахвярная авечка чакаць, пакуль на яе нападуць.
- Зьнішчэньне вайсковых цэляў, якія пагражаюць краіне, — законны мэтад вядзеньня вайны незалежна ад таго, на якой тэрыторыі гэтыя цэлі знаходзяцца.
- Прэвэнтыўны ўдар ніякім чынам не азначае, што ўкраінскія войскі пойдуць у наступ на тэрыторыю Беларусі.
— За апошнія месяцы сытуацыя з расейскімі войскамі на тэрыторыі Беларусі істотна мяняецца, разгортваецца так званая сумесная групоўка Беларусі і Расеі. Наколькі зьмянілася ацэнка ўкраінскім бокам імавернасьці нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі? Можа, гэтыя расейскія вайскоўцы, як заяўляюць некаторыя, проста трэнуюцца на тэрыторыі Беларусі, бо ў самой Расеі такіх месцаў для трэнінгу недастаткова?
— Для нас цалкам відавочны той факт, што на сёньня мы ёсьць сьведкамі разгортваньня ўдарнай групоўкі расейскага войска, а таксама беларускага корпусу расейскага войска, што мае мэтай прынамсі стварыць праблемы Ўкраіне. Гэта ніякія не трэнаваньні, а менавіта разгортваньне злучэньняў, прызначаных для стварэньня ўдарнай групоўкі. Трэнаваньне было падчас вучэньняў «Захад». Казаць, што і зараз яно праводзіцца, было б няправільна.
Сяргей Грабскі
Цяпер праціўнік стварае перадумовы, каб гэтая групоўка была выкарыстаная для нападу на Ўкраіну. Украінскі бок бачыць гэта, вайскоўцы вельмі цьвяроза ацэньваюць сытуацыю і прымаюць комплекс магчымых захадаў, каб перадухіліць пагрозу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Калі будзем мець інфармацыю, што ўдар па Ўкраіне з поўначы немінучы, нанясём прэвэнтыўны ўдар па Беларусі», — украінскі вайсковы экспэрт— Што гэта за захады, калі не сакрэт? Што можна расказаць публічна?
— Сярод таго, што можна расказаць публічна: вядзецца сталая падрыхтоўка асабовага складу, злучэньняў, якія знаходзяцца на паўночнай Украіне. Працягваецца інжынэрнае рыхтаваньне мясцовасьці, нарошчваецца сыстэма інжынэрных агароджаў. Праводзяцца вучэньні і трэнінгі, нарошчваюцца агнявыя сілы па меры паступленьня агнявых сродкаў ад нашых хаўрусьнікаў і ўкраінскай вайсковай прамысловасьці.
Ствараецца ўдарная групоўка, гатовая нанесьці прэвэнтыўны ўдар. Зразумела, мы ня можам, як ахвярныя авечкі, чакаць, пакуль на нас нападуць. Калі пагроза стане відавочнай, цалкам рэальнае нанясеньне ўдару па разгорнутых групоўках, гатовых да прасоўваньня на тэрыторыю Ўкраіны.
Акрамя таго, прадугледжваецца і нанясеньне ўдараў па раёнах, адкуль запускаюцца ракеты ў бок Украіны. Бо самі разумееце: з балістычнымі ракетамі прасьцей змагацца, калі яны на стартавых пазыцыях, чым спрабаваць перахапіць боегалоўку, якая нясецца да цэлі зь вялікай хуткасьцю.
— Але пакуль гэтага не было, пакуль Украіна ў ваенным сэнсе ніяк не рэагавала на запускі ракет зь беларускай тэрыторыі.
— Пакуль не было і такой сур’ёзнай пагрозы. Так, былі запускі ракет, якія дастаткова пасьпяхова зьбівалі. Эфэктыўнасьць украінскіх сыстэмаў проціракетнай абароны даволі высокая — дый інтэнсіўнасьць абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі не была вялікай. Аднак цяпер мы кажам пра новую сытуацыю, пра тую колькасьць расейскіх войскаў, якія разьмяшчаюцца ў Беларусі, — і трэба разумець, што Ўкраіна павінна мяняць тактыку нанясеньня ўдараў. Прэвэнтыўныя ўдары па тэрыторыі Беларусі могуць стаць неабходнасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея рыхтуе новы напад на Ўкраіну зь Беларусі? Беларускія вайсковыя палігоны — на здымках з спадарожнікаў— Ці для Ўкраіны мае значэньне тое, што ўдар зь Беларусі нанясуць толькі расейскія войскі, а беларускае войска ў ім ня будзе ўдзельнічаць? Ці дапаможа Лукашэнку ягоная традыцыйная рыторыка «мы тут ні пры чым»?
— Гэта яму не дапаможа. З паўночнага кірунку для Ўкраіны зараз зьбіраецца вялікая пагроза. Кожнае міжнароднае права вам пацьвердзіць, што зьнішчэньне вайсковых цэляў, якія пагражаюць краіне, ёсьць законным мэтадам вядзеньня вайны, незалежна ад таго, на якой тэрыторыі гэтыя цэлі знаходзяцца.
Беларускі рэжым і так ужо ўдзельнічае ў гэтай вайне. Прадастаўленьне сваёй тэрыторыі, разгортваньне ракетных войскаў, выкарыстаньне шпіталёў, стварэньне базаў і лягераў на тэрыторыі краіны, перадача аэрадромаў у распараджэньне агрэсара... Што гэта, як не агрэсія? Якая розьніца, хто ўстаўляў ракеты ў самалёт, які ўзьляцеў з тэрыторыі Беларусі зьнішчаць украінскія гарады? Ня мае значэньня. Самалёт павінен быць зьнішчаны, калі да яго могуць дацягнуцца сілы і сродкі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.
— Называюцца самыя розныя лічбы колькасьці расейскіх войскаў, пры якой небясьпека ўварваньня з тэрыторыі Беларусі стане відавочнай.
— Няма вялікага значэньня. Гэта можа быць і 10, і 20, і 50 тысяч. Усё залежыць ад пастаўленай задачы, і яны будуць выконваць яе — нават ня самай вялікай колькасьцю. Трэба разумець, што пры любой колькасьці расейскіх войскаў беларускае войска, беларускі корпус будзе залучаны ў агрэсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
20 БМП, 100 танкаў, тысячы тон боепрыпасаў. Як Беларусь дапамагае Расеі зброяй і навошта— Як вы ўжо сказалі, Украіна не адмаўляе магчымасьці прэвэнтыўнага ўдару? Пры якіх умовах ён можа быць нанесены?
— Прашу зразумець, што ў нашым выпадку прэвэнтыўны ўдар ніякім чынам не азначае, што ўкраінскія войскі пойдуць у наступ на тэрыторыю Беларусі. Удар будзе наносіцца агнявымі сродкамі для зьнішчэньня баявых пазыцыяў. Весьці сухаземны наступ — гэта бязглуздая справа.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.