Апроч таго, паводле Штупуна, беларускія вайскоўцы, якія служаць у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, «у якасьці брацкай дапамогі набылі для патрэбаў асабовага складу 15-га мотастралковага полку 2-й мотастралковай дывізіі Ўзброеных сіл Расеі да 100 камплектаў індывідуальных аптэчак, разгрузачных камізэлек і іншага рыштунку».
«Праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусі ўзмацнілі захады для пошуку, выяўленьня і затрыманьня грамадзян з праўкраінскай пазыцыяй або тых, хто крытыкуе ўладу ці так званую спэцыяльную вайсковую апэрацыю Расеі ва Ўкраіне», — адзначыў Аляксандар Штупун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Больш за мільён даляраў на дроны, паўтара мільёна на начныя прыцэлы. Як абнаўляецца беларускае войскаРасея за дзень абстраляла больш як 35 паселішчаў Украіны
Сьпікер Генэральнага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун паведаміў, што за апошнія содні Расея нанесла 7 ракетных і 32 авіяцыйныя ўдары, а таксама ўчыніла больш як 70 абстрэлаў з рэактыўных сыстэмаў залпавага агню па больш як 35 паселішчах Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запароскай, Херсонскай, Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай вобласьцяў.
Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі, што расейцы атакавалі рэгіён дронамі ўсю ноч і раніцай 9 лістапада.
«Чацьвёра параненых ад удараў расейцаў па Дніпры. Уначы акупанты масава атакавалі вобласьць дронамі-камікадзэ», — паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Рэзьнічэнка ў сваім тэлеграм-канале.
Паводле яго, пяць дронаў былі зьнішчаныя, а адзін пацэліў у лягістычнае прадпрыемства, спрычыніўшы пажар на 3 тысячах квадратных мэтраў. Параненыя супрацоўнікі прадпрыемства, трое зь іх у вельмі цяжкім стане.
Пажар на складзе прадпрыемства ў горадзе Дніпро з-за трапленьня бесьпілотніка-камікадзэ
Пазьней стала вядома, што 8 лістапада ва Ўкраіне ў выніку расейскіх абстрэлаў загінулі 9 і атрымалі раненьні 24 мірныя жыхары.
Нікапальскі раён расейцы абстрэльвалі з «Градаў» і цяжкай артылерыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар абароны Ўкраіны аб херсонскай апэрацыі: «Расея патэнцыйна гатовая да чарговага „акту добрай волі“»Расея выкарыстоўвае авіяцыю на поўдні Ўкраіны, караблі адвяла на базы
У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» паведамілі, што расейцы спрабавалі абстраляць з авіяцыі Адэскую вобласьць, але супрацьпаветраныя сілы Ўкраіны зьбілі ракеты над морам.
«У акваторыі Чорнага мора карабельная групоўка ворага складаецца з васьмі караблёў, якія хаваюцца ўздоўж паўднёвага ўзьбярэжжа Крыму. Носьбіты крылатых ракет — у пунктах базаваньня. На баявым дзяжурстве не зафіксавана ніводнага [карабля]», — паведаміў сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гінуць масава, загінулых і параненых не забіраюць». Шараговец УСУ расказаў, як Расея завальвае «мясам» лінію фронту пад ХэрсонамВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.