OSINT-аналітыкі: Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі 37 % акупаванай расейскімі войскамі тэрыторыі
Мапа баявых дзеяньняў на поўдні Ўкраіны
Украінскія войскі пачалі ў жніўні контранаступ, у выніку якога ўдалося вызваліць большую частку Харкаўскай вобласьці і часткова Херсонскую вобласьць.
Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі 37 % тэрыторыі, якую з пачатку ваеннага ўварваньня акупавала Расея.
Як адзначае OSINT-аналітык Def Mon, пад расейскай акупацыяй было 200 тысяч квадратных кілямэтраў, зь іх больш як 75 тысяч квадратных кілямэтраў вярнуліся пад кантроль украінскіх войскаў і ўлады Ўкраіны.
OSINT-аналітыка — гэта інфармацыя, якая падсумоўваецца ў выніку вывучэньня адкрытых крыніц.
На мапе пазначаныя вызваленыя рэгіёны — Кіеўская, Чарнігаўская і Сумская вобласьці, зь якіх расейскія войскі адступілі ў канцы сакавіка, а таксама часткі Харкаўскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай вобласьцяў.
З 24 лютага расейскія войскі захапілі прыблізна 20% тэрыторыі Ўкраіны, уключна з часова акупаваным у 2014 годзе Крымам.
Украінскія войскі пачалі ў жніўні наступ, у выніку якога ўдалося вызваліць большую частку Харкаўскай вобласьці і часткова Херсонскую вобласьць.
4 лістапада міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што наступ украінскага войска ў Херсонскай вобласьці запаволіўся ў сувязі з складанымі ўмовамі надвор’я.
19 кастрычніка ўлады Ўкраіны паведамілі, што ў Херсонскай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 90 паселішчаў.
1 лістапада ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны заявілі, што ў Харкаўскай вобласьці вызвалена 568 паселішчаў. Улады Ўкраіны афіцыйна не паведамляюць, якая частка ўкраінскай тэрыторыі застаецца пад расейскай акупацыяй.