У Беларусі заявілі, што перахапілі ўкраінскі дрон, які нібыта трэнаваўся скідаць выбухоўку

Нібыта перахоплены беларускімі памежнікамі дрон

Паводле ўкраінскіх уладаў, за апошнія некалькі тыдняў расейскія войскі неаднаразова запускалі з вайсковых аэрадромаў Беларусі дроны іранскага паходжаньня.

Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 2 лістапада гомельскія памежнікі перахапілі ўкраінскі бесьпілётнік за адзін кілямэтар ад мяжы з Украінай. «Дрон удалося прымусова пасадзіць», — адзначаецца ў паведамленьні.

Памежны камітэт Беларусі ўдакладніў, што дрон быў «абсталяваны сыстэмай інфрачырвонага бачаньня, выкарыстоўваўся для трэнаваньня перамяшчэньня і скіданьня выбуховых прыладаў, а таксама для вядзеньня выведкі і здымкаў тэхнічных сродкаў аховы мяжы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

«Па гэтым факце праводзяцца дадатковыя праверачныя мерапрыемствы», — адзначылі ў памежным камітэце Беларусі.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Дзяржаўную памежную службу Ўкраіны, але там пакуль гэтага інцыдэнту не камэнтуюць.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага беларускія ўлады падтрымалі Расею, даўшы тэрыторыю краіны і вайсковую інфраструктуру для расейскіх войскаў, а таксама для нанясеньня авіяцыйных і ракетных удараў па ўкраінскіх гарадах.

За апошнія некалькі тыдняў расейскія войскі неаднаразова запускалі з вайсковых аэрадромаў Беларусі дроны іранскага паходжаньня.

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў 3 лістапада паведаміў, што іранскія бесьпілётнікі, а таксама пэўная колькасьць іхных апэратараў разьмяшчаюцца ў раёне населенага пункту Лунінец Берасьцейскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Генштабе Ўкраіны расказалі, адкуль зь Беларусі расейцы страляюць па ўкраінскай тэрыторыі іранскімі дронамі