У Генштабе Ўкраіны расказалі, адкуль зь Беларусі расейцы страляюць па ўкраінскай тэрыторыі іранскімі дронамі

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў
Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў

«Асноўная роля адводзіцца авіябазе ў раёне населенага пункту Лунінец Берасьцейскай вобласьці, дзе разьмяшчаюцца іранскія бесьпілётнікі, а таксама пэўная колькасьць іхных апэратараў».

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў ня выключыў, што ў пэрспэктыве супольная беларуска-расейская групоўка, якая цяпер фармуецца ў рамках так званай „саюзнай дзяржавы“ на тэрыторыі Беларусі, можа быць далучаная да агрэсіі супраць Украіны.

«Сытуацыя вакол стварэньня супольнай групоўкі войскаў так званай „саюзнай дзяржавы“ застаецца неадназначнай. З аднаго боку, заявы і дзеяньні абодвух бакоў сьведчаць, што цяперашнім заданьнем зьяўляецца адцягненьне ўвагі і ўкраінскіх войскаў з усходу і поўдня нашай краіны на паўночны кірунак, аднак у больш аддаленай пэрспэктыве ёсьць пагроза фармаваньня групоўкі, якая можа быць задзейнічаная ў агрэсіі супраць Украіны», — сказаў Аляксей Громаў 3 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.

Пакуль жа, паводле яго, прыкметы фармаваньня наступальных груповак у Беларусі адсутнічаюць.

«На гэты час адбываецца перакідваньне падразьдзяленьняў, у асноўным 1-й танкавай арміі, і ў першую чаргу 2-й матастралковай дывізіі з расейскай тэрыторыі разам з тэхнікай і толькі што мабілізаванымі асобамі. Яны разьмяшчаюцца на асноўных вайсковых палігонах Беларусі», — дадаў украінскі генэрал.

Аляксей Громаў паведаміў, што цягам кастрычніка з Расеі ў Беларусь перамясьцілі каля 1,5 тысячы чыгуначных плятформаў з узбраеньнем і вайсковай тэхнікай, да 200 пасажырскіх вагонаў, больш за 100 грузавых вагонаў з вайсковай маёмасьцю.

Апроч таго, Расея працягвае выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нанясеньня ўдараў па тэрыторыі Ўкраіны.

«Асноўная роля тут адводзіцца авіябазе ў раёне населенага пункту Лунінец Берасьцейскай вобласьці, дзе разьмяшчаюцца іранскія бесьпілётнікі, а таксама пэўная колькасьць іхных апэратараў», — паведаміў намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў.

Аляксей Громаў падкрэсьліў, што ў асноўным цяпер у Беларусь перамяшчаюцца менавіта толькі што мабілізаваныя у Расеі, якім яшчэ патрэбна прайсьці ваенную падрыхтоўку. Менавіта таму, паводле яго, наступальная групоўка наўрад ці будзе створана ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў.

«Мы лічым, што гэта магчыма не раней, чым праз 2-3 месяцы», —удакладніў ён.

​
XS
SM
MD
LG