Сэнатары ЗША паабяцалі працягнуць дапамогу Кіеву пасьля выбараў у Кангрэс
Амэрыканскі сэнатар Роб Портман
Амэрыканскія сэнатары Роб Портман і Крыс Кунс 3 лістапада падчас паездкі ў Кіеў паабяцалі далейшую падтрымку Ўкраіне дзьвюма вядучымі палітычнымі сіламі ЗША — пасьля прамежкавых выбараў у Кангрэс на будучым тыдні.
Портман, сэнатар з Агаё, прадстаўляе Рэспубліканскую партыю, Кунс — сябра Дэмакратычнай партыі са штату Дэлавэр.
Журналістам сэнатары заявілі, што ў іх адбылася «вельмі пазытыўная» размова з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Яны адзначылі таксама, што ў рамках паездкі наведалі адно з энэргапрадпрыемстваў, якія пацярпелі ў выніку расейскага ўдару з прымяненьнем іранскіх дронаў.
У сувязі з намечанымі на 8 лістапада прамежкавымі выбарамі ў Злучаных Штатах выказваліся асьцярогі, што сябры Рэспубліканскай партыі, якой прагназуюць пераход кантролю над Палатай прадстаўнікоў, могуць аслабіць падтрымку Ўкраіне.
Як адзначае Reuters, вайсковая і фінансавая дапамога з боку ЗША і іншых заходніх краін стала жыцьцёва важнай для Ўкраіны ва ўмовах расейскага ваеннага ўварваньня, якое працягваецца з канца лютага.
Цяперашні лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кэвін Макарці заявіў у мінулым месяцы, што амэрыканскія выбарнікі ня стануць выпісваць Украіне чэкі без абазначэньня сумы ва ўмовах рэцэсіі. Роб Портман падчас візыту ў Кіеў, мяркуючы па ўсім, меў на ўвазе гэтыя словы Макарці, калі заўважыў, што некаторых зь ягоных калегаў няправільна зразумелі.
«Гэта ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі Амэрыкі, каб Расея не дабілася сваіх мэт ва Ўкраіне», – сказаў Портман. Пры гэтым ён дадаў, не прывёўшы дэталяў, што ў аказаньні дапамогі павінна быць «больш адказнасьці».
Ракетныя ўдары па ўкраінскай інфраструктуры расейскія вайскоўцы наносяць з 10 кастрычніка. У Маскве заявілі аб кроках у адказ на выбух на Крымскім мосьце, які, як сьцьвярджае прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, зладзілі ўкраінскія спэцслужбы. Мінабароны Расеі назвала мэтай удараў аб'екты сыстэм ваеннага кіраваньня, сувязі і энэргетыкі. Іран і Расея адмаўляюць, што Масква выкарыстоўвае ва Ўкраіне пастаўленыя Іранам бесьпілётнікі-камікадзэ.