Выведка Вялікай Брытаніі: з прычыны вялікіх страт бранятэхнікі Расея дадаткова запрасіла ў Беларусі 100 танкаў і БМП
Перавозка расейскага танка Т-62
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі сьцьвярджаюць, што расейскія салдаты ўсё больш выказваюць незадаволенасьць у сувязі з тым, што ім даводзіцца выкарыстоўваць баявыя машыны пяхоты старога ўзору. Іх яны называюць «алюмініевымі бляшанкамі».
«У сярэдзіне кастрычніка, ва ўмовах украінскага наступу, страты расейскай бранятэхнікі павялічыліся да больш як 40 адзінак на дзень, што прыкладна эквівалентна колькасьці тэхнікі батальёна. За апошнія тыдні Расея, імаверна, зьвярнулася па сама меней 100 дадатковых танкаў і БМП зь беларускіх запасаў», — адзначылі ў брытанскай выведцы.
Паводле брытанскіх выведнікаў, бранятанкавыя падразьдзяленьні і артылерыя займаюць цэнтральнае месца ў расейскай стратэгіі вядзеньня вайны.
У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі таксама адзначылі, што расейскія войскі ва Ўкраіне цяпер адчуваюць складанасьці з забесьпячэньнем артылерыйскімі боепрыпасамі і дастатковай колькасьцю спраўнай бранятэхнікі.
Інстытут вывучэньня вайны: уступленьне Беларусі ў вайну на баку Расеі малаімаверна
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на тое, што расейскія і беларускія аіфцыйныя асобы працягваюць дэманстраваць двухбаковае вайсковае супрацоўніцтва як адзін з інструмэнтаў ранейшай інфармацыйнай кампаніі аб устпуленьні Беларусі ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі.
Паводле іх, заява, зробленая міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным на сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі, дэманструе нязьменную ляяльнасць Беларусі да Расеі, а таксама вобраз беларуска-расейскага вайсковага саюзу.
У той жа час Інстытут вывучэньня вайны па-ранейшаму ацэньвае як малаімавернае далучэньне Беларусі да ваеннай кампаніі Расеі ва Ўкраіне. Паводле экспэртаў ISW, гэта найперш абумоўлена магчымымі ўнутранымі наступствамі для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама абмежаваным ваенным патэнцыялам краіны.
«Такім чынам, паседжаньне Аб’яднанай калегіі міністэрстваў абароны зьяўляецца працягам сумесных намаганьняў Беларусі і Расеі ў правядзеньні інфармацыйнай апэрацыі пра нібыта непазьбежныя пагрозы для саюзнай дзяржавы, каб прыцягнуць украінскія войскі на паўночную мяжу», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.