CNN: дырэктар ЦРУ ў кастрычніку наведваў Кіеў для сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны

Кіраўнік Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША Ўільям Бэрнс

Кіраўнік Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША (ЦРУ) Уільям Бэрнс у пачатку кастрычніка наведаў Украіну і правёў сустрэчу з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, а таксама з кіраўніцтвам іншых дзяржаўных структур.

Аб гэтым паведаміла CNN са спасылкай на дзьве інфармаваныя крыніцы.

«Знаходзячыся там, ён пацьвердзіў абавязаньне ЗША падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе з расейскай агрэсіяй, у тым ліку шляхам абмену выведвальнай інфармацыяй», — працытавала CNN аднаго з афіцыйных чыноўнікаў ЗША.

У той жа час крыніцы адмовіліся ўдакладніць іншыя дэталі і падрабязнасьці візыту Бэрнса ў Кіеў і ягоных перамоў з украінскім кіраўніцтвам.

Журналісты CNN зьвярнулі ўвагу на тое, што кіраўнік ЦРУ наведаў Украіну ў той час, калі ЗША ўсё больш занепакоеныя магчымасьцю выкарыстаньня ядзернай зброі з боку Расеі, хоць публічна заяўлялі, што ня бачаць доказаў падрыхтоўкі да гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інстытут вывучэньня вайны: непасрэднае ўцягваньне Беларусі ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі малаімавернае

Інстытут вывучэньня вайны: Расея не зацікаўленая ў мірных перамовах

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) лічыць, што апошнія выказваньні кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна сьведчаць аб адсутнасьці ягонай зацікаўленасьці ў якіх-небудзь мірных перамовах і захаваньні «максымалісцкіх мэтаў».

Такім чынам экспэрты Інстытуту ахарактарызавалі выказваньне Ўладзіміра Пуціна пра тое, што Ўкраіна «страціла сувэрэнітэт», а ЗША выкарыстоўваюць Украіну ў якасьці «тарана» супраць Расеі, саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, АДКБ і СНД.

«Такая рыторыка несумяшчальная зь перамовамі на раўнапраўнай аснове аб спыненьні агню, ня кажучы ўжо пра ўрэгуляваньне канфлікту, які пачала Расея. Гэта сьведчыць пра тое, што Крэмль па-ранейшаму імкнецца да ваеннай перамогі ва Ўкраіне і да зьмены рэжыму ў Кіеве, каб паўплываць на пераарыентацыю Ўкраіны пад кантроль Расеі», — адзначаецца ў справаздачы ІSW.

Экспэрты Інстытуту таксама лічаць, што нядаўнія атакі Расеі ў Харкаўскай вобласьці скіраваныя на тое, каб заблякаваць украінскія войскі на гэтым кірунку і не дазволіць іх перакінуць на іншыя, больш гарачыя, флянгі.

«Расейскія сілы, хутчэй за ўсё, ня маюць намеру вярнуць сабе тэрыторыю ў памежных раёнах Харкаўскай вобласьці, але, пэўна, спадзяюцца ўтрымаць у гэтым раёне ўкраінскія сілы, якія ў адваротным выпадку маглі б далучыцца да контранаступальных апэрацый. Расейскія войскі, хутчэй за ўсё, спадзяюцца на такі ж вынік і на паўночным захадзе Ўкраіны ад разгортваньня сіл аб’яданай групоўкі ў Беларусі», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Згарэла жыўцом. Ва Ўкраіне расказалі пра цяжарную жанчыну, якая загінула ў Дніпры ад расейскага абстрэлу

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.