Паводле экспэртаў, гэтая інфармацыя, а таксама паведамленьні аб пашырэньні Лунінецкага аэрадрому і перакіданьні ў Беларусь расейскіх самалётаў Су-30, толькі сьведчаць, што Расея спадзяецца выкарыстоўваць беларускія вайсковыя аб’екты і інфраструктуру для ўтрыманьня і патэнцыйнага рыхтаваньня нядаўна змабілізаваных расейскіх сілаў.
«Гэтыя паведамленьні, хутчэй за ўсё, сьведчаць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін надалей выкарыстоўвае свае дачыненьні з Аляксандрам Лукашэнкам, каб выкарыстоўваць беларускую зямлю для разьвіцьця расейскага вайсковага патэнцыялу. Лукашэнка ня можа дазволіць сабе ўнутраных наступстваў беларускага ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне», — адзначаюць экспэрты ISW.
Апроч таго, паводле іх, Расея ня мае магчымасьці хутка сфармаваць наземныя ўдарныя сілы з нуля або зь дзейных у Беларусі частак.
Расея ня можа тэхнічна і матэрыяльна забясьпечыць змабілізаваных
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны працягваюць аналізаваць мабілізацыйную кампанію, якую абвясьцілі ў Расеі 21 верасьня.
«Крэмль надалей парушае заяўленыя працэдуры „частковай мабілізацыі“ і супярэчыць сваім уласным паведамленьням, нават прызнаючы сыстэматычныя правалы расейскай бюракратыі», — мяркуюць экспэрты.
Апроч таго, ISW прыводзіць выказваньне дырэктара ЦРУ Уільяма Бэрнса аб тым, што нават калі Крэмль зможа мабілізаваць 300 000 грамадзян, вайсковыя структуры ня змогуць забясьпечыць ім матэрыяльна-тэхнічную падтрымку і дастатковую падрыхтоўку.
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі зьвяртаюць асобную ўвагу на тое, што расейскія вайскоўцы ня маюць неабходнага мэдычнага забесьпячэньня.
«Некаторыя нядаўна змабілізаваныя расейскія рэзэрвісты атрымалі загад за свой кошт купляць уласныя сродкі першай мэдычнай дапамогі з парадай, што сродкі гігіены для жанчын ёсьць эканамічна эфэктыўным рашэньнем. Мэдычная падрыхтоўка і дасьведчанасьць у аказаньні першай дапамогі, хутчэй за ўсё, нізкія», — мяркуюць у выведцы Вялікай Брытаніі.
Апроч таго, у брытанскай выведцы зьвярнулі ўвагу, што выдадзеныя змабілізаваным сродкі для спыненьня крыві — сучасныя, але іх умацоўваюць кабэльнымі хамуцікамі, а не «ліпучкамі», а гэта можа прывесьці да спазьненьня дапамогі.
«Брак упэўненасьці расейскіх войскаў у дастатковай мэдычнай забясьпечанасьці, пэўна, таксама спрыяе зьніжэньню маральнага стану і браку жаданьня пачынаць наступальныя апэрацыі ў многіх падразьдзелах ва Ўкраіне», — адзначылі выведнікі Вялікай Брытаніі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.