Адкрываючы канфэрэнцыю, прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што падтрымка аднаўленьня і рэфармаваньня Ўкраіны мае тры ключавыя моманты.
«Спачатку мы мусім забясьпечыць, каб Украіна магла адразу атрымаць тую падтрымку, якая неабходная, — ад кароткатэрміновай да доўгатэрміновай.
Па-другое, нам патрэбна правільная архітэктура і структура, каб падтрымка была шырокай і інклюзіўнай.
І па-трэцяе, паколькі Ўкраіна мае статус кандыдата на шляху да Эўрапейскага Зьвязу, мусім гэтыя намаганьні ў аднаўленьні разглядаць у рамках шляху да Эўрапейскага Зьвязу», — сказала Урзуля фон дэр Ляен.
Тэкст яе выступу апублікавалі на афіцыйным сайце Эўракамісіі.
Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен на Міжнароднай канфэрэнцыі па аднаўленьні, рэканструкцыі і мадэрнізацыі Ўкраіны. Бэрлін, 25 кастрычніка 2022
Паводле дэр Ляен, ЭЗ дапаможа Ўкраіне забясьпечыць цяперашнюю жыцьцядзейнасьць Украіны, у тым ліку ў выкананьні сацыяльных абавязаньняў, а таксама ў аднаўленьні інфраструктуры, школ і дапамозе перасяленцам.
Усясьветны банк ацэньвае страты Ўкраіны ад вайны на ўзроўні 350 мільярдаў эўра.
«Мы павінны працаваць усе разам. І так хутка, як гэта магчыма», — заклікала прэзыдэнтка Эўракамісіі.
Удзельнікі Міжнароднай канфэрэнцыі па аднаўленьні, рэканструкцыі і мадэрнізацыі Ўкраіны. Бэрлін, 25 кастрычніка 2022
Канцлер Нямеччыны: Украіне патрэбны сучасны плян Маршала
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заклікаў міжнародную супольнасьць аказаць Украіне маштабную дапамогу для аднаўленьня пасьля вайны.
«Задача гэтай канфэрэнцыі — стварыць плян Маршала XXI стагодзьдзя. Прыхільнасьць Украіне як сябру Эўразьвязу зьяўляецца адным з самых пасьлядоўных геапалітычных рашэньняў нашага часу», — цытуе Deutsche Welle (DW) словы Оляфа Шольца на канфэрэнцыі.
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц на Міжнароднай канфэрэнцыі па аднаўленьні, рэканструкцыі і мадэрнізацыі Ўкраіны. Бэрлін, 25 кастрычніка 2022
Канцлер Нямеччыны назваў разбуральныя бамбаваньні Расеяй Украіны актам адчаю Расеі, але адзначыў, што гісторыя самой Нямеччыны засьведчыла магчымасьць аднаўленьня нават пасьля спусташальнай вайны.
«Важна плянаваць будучыню Ўкраіны як квітнеючага і дэмакратычнага сябра ЭЗ, экспартэра зялёнай энэргіі і высокатэхналягічнай прадукцыі», — перакананы ён.
Украіна заклікала распрацаваць фінансавы «Рамштайн» для дапамогі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Эўразьвяз стварыць фінансавы «Рамштайн» для дапамогі краіне ў пасьляваенным аднаўленьні краіны.
Цяпер міжнародная супольнасьць стварыла фармат «Рамштайн» у вайсковай дапамозе — тэхнікай і ўзбраеньнем. Назву плян атрымаў па месцы правядзеньня першай сустрэчы міжнароднай кааліцыі, якая адбылася на авіябазе «Рамштайн» у Нямеччыне.
«Я веру, што пакуль можам ухваліць рашэньне аб пачатку фінансавага „Рамштайну“ для падтрыманьня нашай супольнай стабільнасьці. Нам патрэбна фінансава-каардынацыйная плятформа, якая аб’яднае ўсе намаганьні ў аднаўленьні нашай краіны», — сказаў Уладзімір Зяленскі, выступаючы перад удзельнікамі канфэрэнцыі па відэасувязі.
Уладзімір Зяленскі выступае перад удзельнікамі Міжнароднай канфэрэнцыі аб аднаўленьні, рэканструкцыі і мадэрнізацыі Ўкраіны. Бэрлін, 25 кастрычніка 2022
Паводле яго, украінскі ўрад распрацаваў празрысты плян аднаўленьня.
«Гэта тое, што патрэбна Ўкраіне для выжываньня. Менавіта цяпер. Вага нашага пляну хуткага аднаўленьня — 17 мільярдаў даляраў тэрмінова. Гэта лякарні, школы, жыцьцёва важная транспартная і энэргетычная інфраструктура. Мы маем калясальныя патрэбнасьці ў аднаўленьні жытла», — заявіў Уладзімір Зяленскі, і дадаў, што пакуль Украіна не атрымала «ні цэнту на хуткае аднаўленьне».
Уладзімір Зяленскі лічыць, што міжнародная супольнасьць мусіць разглядаць удзел у падтрымцы Ўкраіны з пункту гледжаньня бясьпекі.
«Нам патрэбна бясьпека на зямлі. Мы працуем над ёй разам. Нам патрэбна бясьпека ў небе. Мы працуем над ёй, дамаўляючыся аб пастаўках сыстэм супрацьпаветранай абароны. Нам патрэбна фінансавая бясьпека. І наша інстытуцыйная здольнасьць», — заявіў прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Шольц і фон дэр Ляен: Украіне патрэбен «плян Маршала»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пацярпіць паразу Расея — нас ня будзе заўтра імгненна». Інтуіцыя Лукашэнкі і прывід прайгранай вайныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.