Пасьля прыезду ў Кіеў нямецкага прэзыдэнта Расея запусьціла зь Беларусі іранскія дроны

Расейскі дрон над Кіевам, 17 кастрычніка 2022

У Кіеве і шасьці абласьцях Украіны абвясьцілі паветраную трывогу праз расейскую атаку дронамі з тэрыторыі Беларусі.

Начальнік службы сувязяў з грамадзкасьцю Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат паведаміў украінскаму інтэрнэт-выданьню «Українська правда», што зь Беларусі ўздоўж ракі Дняпро ляцяць 10 бесьпілётнікаў іранскага паходжаньня.

У Кіеве зь візытам 25 кастрычніка знаходзіцца прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Ён прыехаў у Кіеў упершыню з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Плянуецца, што сёньня ён правядзе сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер прыбыў у Кіеў зь неабвешчаным візытам

Расея апошнія некалькі дзён зьнізіла інтэнсіўнасьць ракетных і авіяўадараў па тэрыторыі Ўкраіны. Замежныя выведкі зьвязвалі гэта з дэфіцытам боепрыпасаў у Расеі.

У той жа час з 10 кастрычніка расейцы пачалі актыўна выкарыстоўваць для абстрэлу энэргетычных аб’ектаў і жылога сэктара дроны іранскага паходжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі, што запускаць дроны зь Беларусі расейцам дапамагаюць іранскія інструктары