Ва Ўкраіне абсалютная большасьць грамадзян падтрымлівае ўзброеную барацьбу з Расеяй да перамогі, нягледзячы на ракетныя абстрэлы
Жанчыны з украінскім нацыянальным сьцягам побач з арт-аб'ектам з выява новай маркі з Керчанскім мостам, які палае. Ілюстрацыйнае фота
Намесьнік дырэктара Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Антон Грушэцкі заявіў, што Расея сваімі інтэнсіўнымі абстрэламі і зьнішчэньнем аб’ектаў інфраструктуры не запалохала ўкраінцаў, каб яны адмовіліся ад далейшай узброенай барацьбы з расейскімі войскамі.
Такім чынам Антон Грушэцкі пракамэнтаваў вынікі апытаньня, праведзенага Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі для вывучэньня грамадзкай думкі: што больш падтрымліваюць украінцы — працяг вайны або мірныя перамовы.
Згодна з вынікамі дасьледаваньня, 86% рэспандэнтаў заявілі аб неабходнасьці працягваць узброеную барацьбу, нягледзячы на ўсе руйнаваньні і новыя абстрэлы; 10% апытаных мяркуюць, што неабходныя перамовы, каб спыніць абстрэлы, нават калі давядзецца пайсьці на нейкія саступкі Расеі. 4% не змаглі адказаць на пытаньне.
«Так, тэрор працягваецца, людзі гінуць ці атрымліваюць раненьні, украінскія сем’і вымушаныя ў цемры праводзіць вечары. Аднак усенародны боль ад стратаў і руйнаваньняў не палохае людзей, а каналізуецца ў лютасьць і злосьць на ворагаў. Украінскі народ захоўвае моцнае адзінства, устойлівасьць і гатоўнасьць працягваць барацьбу да перамогі», — сказаў Антон Грушэцкі, камэнтуючы вынікі апытаньня.
Як украінцы рыхтуюцца да суровай зімы, нягледзячы на расейскія абстрэлы і разбураную інфраструктуру. ФОТА
Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі 21-23 кастрычніка апытаў 1000 грамадзян Украіны ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых ва ўсіх рэгіёнах краіны, за выключэньнем акупаваных у 2014 годзе Крыму і часткі Данецкай і Луганскай абласьцей.
У апытаньні таксама ня ўдзельнічалі ўкраінцы, якія выехалі з краіны і цяпер знаходзяцца за межамі краіны.