Пуцін увёў ваеннае становішча на акупаваных тэрыторыях, з Херсону расейцы хочуць вывезьці людзей, чакаюцца баі

Пратэст у падтрымку Ўкраіны ў Гішпаніі. 10 кастрычніка 2022

У Херсонскай вобласьці акупацыйныя ўлады перавозяць людзей на левы бераг Дняпра. Жыхары атрымалі SMS з загадам тэрмінова зьехаць.

Прызначаныя Расеяй акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласьці раніцай 19 кастрычніка адправілі жыхарам Херсону SMS з заклікам тэрмінова пакінуць горад з прычыны магчымых абстрэлаў з боку ўкраінскага войска, паведамляе ТАСС.

«Намесьнік галавы» анэксаванай Херсонскай вобласьці Кірыл Стрэмавусаў заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны сьцягнулі шмат сіл да лініі фронту ў Херсонскай вобласьці.

«Гаворка ідзе пра абарончы працэс Херсону. Херсон ператвараецца ў крэпасьць», — сказаў ён.

Таксама прадстаўнік акупацыйнай улады сьцьвярджае, што ўкраінскія вайскоўцы пачнуць наступ «неўзабаве», ад чаго Херсон і правабярэжная частка вобласьці могуць апынуцца пад абстрэламі.

«Горад здаваць мы не зьбіраемся. Будзем стаяць да канца», — заявіў Стрэмавусаў.

Пазьней Уладзімір Пуцін абвясьціў пра ваеннае становішча на анэксаваных тэрыторыях Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны, а таксама ў так званых «ДНР» і «ЛНР».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўніца Вярхоўнай Рады Ўкраіны кажа пра намер Расеі стварыць «Херсонскую народную рэспубліку»

Днём раней «кіраўнік» анэксаванай Херсонскай вобласьці Ўладзімір Сальда абвясьціў пра «арганізаванае перамяшчэньне цывільнага насельніцтва Берыслаўскага, Белазерскага, Сьнігіраўскага і Аляксандраўскага муніцыпалітэтаў на левы бераг Дняпра».

Ён абгрунтаваў такое рашэньне стварэньнем абарончых умацаваньняў для абароны Херсону і яго прадмесьцяў ад наступу ўкраінскіх войскаў і магчымага затапленьня праз разбурэньне плаціны Кахоўскай ГЭС.

Паводле Сальда, усяго ў вобласьці плянуюць «перамясьціць на левы бераг Дняпра і ў іншыя рэгіёны РФ прыкладна 50–60 тысяч чалавек».

Раней Генасамблея ААН ухваліла рэзалюцыю з асуджэньнем анэксіі Расеяй так званых «ЛНР», «ДНР» і акупаваных расейскімі войскамі частак Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны.

Рэзалюцыя абвяшчае, што псэўдарэфэрэндумы, праведзеныя з 23 па 27 верасьня на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, ня маюць ніякай юрыдычнай сілы і ня могуць складаць аснову для якой-небудзь зьмены статусу гэтых рэгіёнаў, уключаючы іх анэксію.

У міжнародным праве дэталёва не апісваюцца пытаньні легальнасьці рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях. За выключэньнем таго, што Статут ААН у пункце 4 артыкула 2 забараняе парушэньне тэрытарыяльнай недатыкальнасьці краін, гэта значыць анэксію тэрыторый.

У 2014 годзе Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы разгледзела законапраект, які мог стаць асновай для анэксіі Крыму. Камісія прыйшла да высновы, што ён парушае міжнародныя прынцыпы тэрытарыяльнай цэласнасьці, нацыянальнага сувэрэнітэту, неўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы.

Камісія ўстанавіла, што псэўдарэфэрэндум у Крыме не адпавядаў эўрапейскім дэмакратычным стандартам. Гэтыя высновы застаюцца ў сіле і сёньня ў адносінах да ўсіх акупаваных тэрыторый, адзначыла генэральная сакратарка Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч.

«Анэксія тэрыторыі іншай дзяржавы раўнасільная парушэньню міжнароднага права, у прыватнасьці Статуту Арганізацыі Абʼяднаных Нацый», — заявіла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы рыхтуюцца пакінуць Херсон?