У Пэнтагоне пракамэнтавалі разгортваньне рэгіянальнай групоўкі войскаў у Беларусі
Беларускае войска на вучэньнях, травень 2022
У Пэнтагоне пакуль не чакаюць ад разгортваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі прынцыповых зьмен у ходзе вайны ва Ўкраіне.
Пра гэта на брыфінгу заявіў прадстаўнік амэрыканскага абароннага ведамства.
«Што да Беларусі, мы, безумоўна, за ёй сочым. Цяпер у нас няма ніякіх прыкмет, якія прымусілі б нас зьмяніць нашы погляды на поле бою ў яго цяперашнім выглядзе», — сказаў ён.
Таксама ў Мінабароны ЗША ня лічаць перакідваньне Расеяй стратэгічнай авіяцыі на аэрадром паблізу ад Фінляндыі.
«А што датычыцца перамяшчэньня канкрэтных расейскіх самалётаў або сыстэм унутры Расеі, зноў жа, мы ня бачылі нічога, што прымусіла б нас зьмяніць нашу агульную стратэгічную пазыцыю або нашу пазыцыю ў Эўропе», — сказаў ён.
Прадстаўнік Пэнтагона таксама адзначыў, што цяпер краіны NATO праводзяць плянавыя вучэньні «Нязломны поўдзень» зь сіламі ядзернага стрымліваньня. Паводле яго, вучэньні праводзяцца ў гэты час году ўжо больш за 10 гадоў. Ён таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў найбліжэйшы час Расея таксама будзе праводзіць стратэгічныя вучэньні, якія таксама плянавыя.
Афіцыйна ў рамках разгортваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў так званай «саюзнай дзяржавы» ў Беларусь павінны прыбыць да 9 тысяч вайскоўцаў каля 170 танкаў, да 200 баявых машын і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм.