Генэральная Асамблея ААН не прызнала анэксіі ўкраінскіх тэрыторый Расеяй, Беларусь галасавала супраць

Генэральная Асамблея ААН 12 кастрычніка прыняла рэзалюцыю аб непрызнаньні псэўдарэфэрэндумаў на акупаваных Расеяй тэрыторыях Луганскай, Данецкай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны.

Рэзалюцыя называецца «Тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны. Абарона прынцыпаў статуту ААН».

Рэзалюцыя заклікае дзяржавы, міжнародныя арганізацыі і спэцыяльныя ўстановы ААН не прызнаваць зьмену статусу чатырох абласьцей Украіны, патрабуе ад Расеі неадкладна адмяніць свае рашэньні, а таксама цалкам і неадкладна вывесьці ўсе свае войскі за яе міжнародна прызнаныя межы.

За рэзалюцыю прагаласавалі 143 краіны, 35 устрымаліся. Супраць прагаласавалі пяць краін: Расея, Беларусь, Сырыя, КНДР і Нікарагуа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Крамлі падпісалі дакумэнты пра анэксію чатырох абласьцей Украіны, у якіх працягваюцца баі

Дзяржсакратар пракамэнтаваў прыняцьце Генасамблеяй ААН рэзалюцыі, якая асуджае расейскую анэксію ўкраінскіх рэгіёнаў.

Дзяржсакратар Энтані Блінкен назваў прыняцьце Генасамблеяй ААН рэзалюцыі з асуджэннем расейскай спробы анэксіі ўкраінскіх тэрыторый «магутным напамінам аб тым, што пераважная большасьць краін сьвету падтрымліваюць Украіну, абараняюць Статут ААН і рашуча супрацьстаяць вайне Расеі, якая працягваецца, супраць Украіны і яе народу». Пра гэта гаворыцца ў заяве Блінкена, апублікаванай на сайце Дзярждэпартамэнту.

«Тэрытарыяльная цэласнасьць зьяўляецца цэнтральнай апорай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і гвалтоўная пагарда, выказаная Расеяй у дачыненьні да нацыянальных межаў і сувэрэнітэту Ўкраіны ня можа быць і ня будзе прынятая. Прыняўшы гэтую рэзалюцыю, гэтыя краіны далі зразумець: яны не пацерпяць спробы якой-небудзь дзяржавы – сябра ААН захапіць сілай чужую тэрыторыю. Галасаваньне зьяўляецца гучным папрокам Расеі за яе агрэсію супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве.

Энтані Блінкен падкрэсьліў, што ЗША і далей будуць абараняць прынцыпы Статуту ААН і ніколі не прызнаюць легітымнасьць фіктыўных «рэфэрэндумаў» або спробаў Расеі анэксаваць тэрыторыю Ўкраіны.

«Сёньня вельмі нямногія краіны прагаласавалі разам з Расеяй, таму зразумела, што міжнароднае адзінства ў гэтым пытаньні непахіснае, а падтрымка Украіны ў ААН і за яе межамі непарушная. Злучаныя Штаты будуць працягваць працаваць з партнэрамі па ўсім сьвеце, каб падтрымаць украінскі народ у абароне сваёй краіны ад расейскай агрэсіі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар абароны Вялікай Брытаніі: Расея больш ня звышдзяржава

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.