У інтэрвію Evening Standard Бэн Уолес заявіў, што расейскі кіраўнік прыйшоў да гэтай высновы пасьля апошніх паразаў расейскіх войскаў ва Ўкраіне.
«Пуцін толькі што выявіў, што Расея — ня звышдзяржава. Гэта ключавы момант. З аднаго боку, ты паверыў ва ўласны штучны ажыятаж, у парадныя пляцы, дзе лічыў танкі і меркаваў, што яны непераможныя, а на самай справе — гэта ня так».
Кіраўнік Мінабароны Брытаніі лічыць, што расейскія войскі пастаянна лічылі здольнымі на большае, пакуль не прыйшлі паразы. Разам з гэтым, Расея можа кінуць на вайну яшчэ мільёны людзей.
«На кожным кроку недаацэньвалі Ўкраіну і пераацэньвалі Расею. Але ў Пуціна ў запасе ёсьць мільёны людзей, якіх ён можа запхнуць у мясарубку бяз правілаў, без павагі да чалавечых жыцьцяў, да нявінных людзей і цывільнага насельніцтва», — дадаў Уолес.
Калі такая тактыка будзе пасьпяховай, гэта будзе пасланьне ўсяму сьвету, што менавіта так можна выйграваць войны. Але міжнародная супольнасьць, на думку Ўолеса, ня можа гэтага прыняць. Што тычыцца імавернага ядзернага ўдару, які можа нанесьці Пуцін, то па словах брытанскага міністра нават Кітай і Індыя ў гэтым выпадку будуць супраць Расеі.
У апошнія дні контранаступленьне Ўкраіны на паўночным усходзе «ў некаторай ступені запаволілася», але ўсё адно працягваецца, забіраецца ініцыятыва, у прыватнасьці, на чыгунцы, на якую Расея спадзяецца. На Херсоншчыне вызваленьне тэрыторый украінцамі ідзе «павольна, але няўхільна».
З набліжэньнем лютай зімы ўкраінскія войскі экіпаваныя лепш, чым многія расейскія салдаты, у тым ліку маюць начныя прыцэлы, лепшыя радыёстанцыі і цёплы рыштунак. Па словах Уолеса, расейцы сутыкнуліся з кепскім кіраваньнем, а многія генэралы за свае дзеяньні ў сваім жа войску павінны быць арыштаваныя.
Кіраўнік Мінабароны Брытаніі запэўніў, што яго краіна працягне пастаўкі ўзбраеньняў Украіне. Заходніх яе партнэраў не пасварыла нават тое, што Пуцін адключыў газ.
Сам ён ня верыць у тое, што Пуцін скончыць вайну і выведзе свае войскі з Украіны, паколькі той пайшоў «ва-банк».
Бэн Уолес лічыць яшчэ адно вялікай памылкай Пуціна абстрэл украінскай цывільнай інфраструктуры. Ён лічыць, што нападам на невайсковыя аб’екты расейцы толькі істотна скарацілі колькасьць сваёй зброі, зь якой і так маюць праблемы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.