У Кіеве падлічылі, што за апошнія два дні абстрэлаў Расея пашкодзіла траціну ўкраінскіх энэргааб’ектаў
Расейская атака на энэргааб'ект у Львоўскай вобласьці. 10 кастрычніка 2022
Удары па цывільнай інфраструктуры — ваеннае злачынства, скіраванае супраць мірных грамадзян.
Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў 10–11 кастрычніка пашкоджана 30% аб’ектаў энэргетыкі.
«Першы раз з пачатку вайны, калі Расея нанесла „драматычны ўдар“ па энэргетычнай інфраструктуры», — сказаў Герман Галушчанка ў інтэрвію CNN.
Украінскі міністар мяркуе, што адна з прычын мэтанакіраванага абстрэлу энэргетычных аб’ектаў — украінскі экспарт электраэнэргіі ў Эўропу, які «дапамагае эўрапейскім краінам эканоміць на расейскім газе і вугалі».
Герман Галушчанка дадаў, што ўкраінская энэргасыстэма «па-ранейшаму стабільная», але заклікаў партнэраў забясьпечыць «сыстэмамі паветранай абароны, якія сапраўды могуць дапамагчы абараніць інфраструктуру».
Міністэрства абароны Расеі і сам Пуцін пацьвердзілі, што наносяць удары менавіта па энэргетычнай інфраструктуры і аб’ектах сувязі. Удары па цывільнай інфраструктуры — ваеннае злачынства, накіраванае супраць мірных грамадзян.
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгальпаведаміў, што 12 кастрычніка Эўрапейскі інвэстыцыйны банк пералічыў Украіне дадатковыя 55 мільёнаў эўра на аднаўленьне энэргетычных аб’ектаў.
«Сродкі, у прыватнасьці, дапамогуць кампэнсаваць выдаткі на рамонт пашкоджаных аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры і падтрымаць стабільнасьць украінскіх энэргасетак», — паведаміў Дзяніс Шмыгаль. Украіна за два месяцы атрымала праз Эўрапейскі інвэстыцыйны банк 1,05 мільярда эўра ў рамках экстранай падтрымкі Эўракамісіі.
На ўкраінскім энэргетычным рынку найбольшую частку мае кампанія ДТЕК мільярдэра Рыната Ахметава. Яна кантралюе каля 70% цеплавой генэрацыі і займае траціну рынку электраэнэргіі.
11 кастрычніка Расея нанесла два ўдары па Ладыжынскай ЦЭС, што належыць ДТЕК у Віньніцкай вобласьці. Гэта найбольшая станцыя ў рэгіёне.
Раней кампанія Ахметава страціла кантроль над Луганскай і Запароскай ЦЭС, калі іх захапілі расейскія войскі. На лініі фронту знаходзяцца яшчэ дзьве станцыі — Крывароская і Курахаўская, якія Расея стала абстрэльвае.
У выніку абстрэлаў 10–11 кастрычніка пашкоджаныя чатыры энэргетычныя аб’екты ў Львове, Трыпольская ЦЭС у Кіеўскай вобласьці, Прыдняпроўская ЦЭС у Днепрапятроўскай вобласьці, а таксама па адной ЦЭС у Жытомірскай, Сумскай, Палтаўскай і Хмяльніцкай абласьцях.
Улады Ўкраіны заклікаюць грамадзян скараціць энэргаспажываньне, каб збалянсаваць энэргасыстэму. З 11 кастрычніка ў большасьці гарадоў адбываюцца веерныя адключэньні трох груп спажыўцоў на дзьве гадзіны за суткі.